Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмкавай пугі. То сям, то там на шэрым галу бачыліся аратыя, якія прыдавалі свае манатонныя зыкі да рэзвага сьпеву жаўранкаў. Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы сьпякоту.

Праз некалькі хвілін Сёмка спыніўся каля свае палоскі, вузенькай, заросшай пырнікам і дробным дзятлікам. Праворна і ўвіхна распрог каня, залажыў яго зараз-жа ў плуг, паправіў на возе торбу і жукетку і пагнаў. Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок, рассыпчатымі камякамі. Роўная істужка разоры ціха разьвіналася сьледам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чымся ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Сёмка на вока адмяраў першыя гоны, якія хапалі ад сьценкі да невялікага ўзгорку з тоўстым каменем пасярод палоскі.


III

УПУСЬЦІЎШЫ ПЛУГ У ЗЯМЛЮ а гадзіне шостай, Сёмка ня выняў яго на працягу некалькіх гадзін. Гоны за гонамі, ён узараў без адпачынку, засаб, трое ганоў, пакінуўшы недаворанымі толькі адны. Араў наўзьдзіў ахвотна, з нейкім асаблівым захапленьнем, з заядласьцю ўпартага, неўгамоннага крата. Дзе дзеліся тыя ўтома, млявасьць і санлінасьць, якія апаноўвалі яго ўдому і справодзілі на ворыва. Адкуль надыходзіла тая ахвота, стараннасьць; нават карпела скончыць і чацьвертыя гоны, але, разьлічыўшы, што можа захапіць змрок, Сёмка рашыў аставіць іх на другі раз. Ды нельга-ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны авёс і, пакуль конь падпасваўся, прылёг каля воза.

Астыўшае паветра дыхнула вячэрнім заспакаеньнем; адзін за другім сьціхлі жаўранкі, сталі разьяжджацца аратыя. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Сёмка нічога не прапускаў, каб не ўсачыць, але, сьцешыўшыся, усё-ж ня мог змагацца з надыходзячай санлівасьцю. Пазіраў к небу, у яго глыбіню, і міжвольна плюшчыў вочы, мэрам-бы нябесная сінь давіла на вейкі; аглядаўся на пачырванеўшае сонца, што села на лясныя верхавіны. Пасьля апусьціў голаў на скрыжаваныя рукі і паціху пачаў засынаць. Заснуў-бы мо’ і надоўга, але раптоўны зык пастуховай трубы, даляцеўшы з-пад бярэзьніку, абудзіў яго. Сёмка хутка падняў голаў і паглядзеў на каня: той стаяў на адным месцы, трымаючы на шыі пустую аброчку-торбу.