Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чакаеш ехаць! — выказаў Сёмка, падняўся і запрог: — пакуль заеду, якраз зьмеркне, — і крануў.

Паганяць шкадаваў, а пусьціў паволі — і так утаміўся конь. Сам прысеў на возе, бокам да каня, спусьціўшы ногі між калёс, і бяздумна змоўк.

Моўчкі даехаў да шляху, ня помніў і ня прыкмеціў-бы нават, што выехаў са сьценкі, каб пры павароце не пачуў воклічу.

— У яму ўедзеш! Правей трымай!

Сёмка падняў голаў і абярнуўся ў бок воклічу. На грудку пры дарозе, аблёгшы на вялікі поўны мех травы, сядзела Зося.

— Адкуль ты вынікла, як русалка? Ці не ў канаве спала? — пажартаваў Сёмка.

— Гэта твой сон?

Зося паднялася.

— Ты думаеш, што я спаў?

— І думаць ня трэба, калі бачыла; конь ліха ведае куды зашоў, за канаву.

— Ці ліха? Няўжо-такі я драмаў?

— Сумняваешся?

— Яно то і ня дзіва — увабраў за гэту пору нямала. Ну, ідзі садзіся, ды па дарозе пагутарым.

Зося спрытным замахам рук ускінула на плячо мяшок з травою, ажно схавалася пад ім, і паднясла на воз. Сёмка памог зьняць і ўзлажыць.

— Садзіся на траву, — запрапанаваў і пагнаў каня.

Яна ўскочыла і села тварам да Сёмкі.

— Чаму-ж ты так позна варочаешся? — запытаў Сёмка, паглядзеўшы на Зосю.

— А чаму ты так позна з ворыва?

— Я?

— Так, ты…

— Бачыш, цэлая гісторыя са мною.

— Цікава.

Зося настаражылася.

У баку жмыгінскага лесу пачуўся нястройны гук некалькіх пастуховых труб, яго напоўніў плач жалейкі і трывожныя крыкі пастухоў. Да гэтых гукаў дадалі свой рознастайны рык каровы. Абое — Сёмка з Зосяю, забыўшы аб гутарцы, адвярнуліся к лесу. З яго гушчэчы пацямнеўшай ад змроку, як з агромністае