Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён перакінуў узрок на захад, у бок панскага двара. Вузкая градка маладога бярэзьніку адмяжоўвала панскую зямлю ад зямлі вяскоўцаў. Здаецца, нядаўна на тым месцы, дзе раскіданы хаты сялян, стаялі вялікія лясы, куды часта зганялі сілкоўцаў на аблаву на ваўкоў. Адну гэткую аблаву Сёмка добра запомніў. Пашоў, адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сьнягу, пакуль вышаў на дарогу. Папакалаціўся ня мала! Цяпер тых лясоў ні сьледу… Бярэзьнік вырас на вачох. О, гэты бярэзьнік! Як любы ён Сёмку! У ім, гуляючы з Волькаю, Сёмка пачуў першыя пазывы любасьці да яе. То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. У шэрых мяккіх купінах тырчэлі блакітныя вочкі пралесак. Рухавы заяц прабягаў некалькі разоў перад імі, абарочваючыся. То ён, то Волька ламалі пруткія ралкі голых бярозак і глядзелі, як з іх сачыўся сок. Як хацелася яго піць! Цяпер зялёныя лісьці шатуюць маладыя галовы стройных дзярэўцаў. Пераліваецца залаты пыл сонца і п’ецца белымі камялькамі.

Дзе яна, Волька, цяпер? Арэ, сее, ці мо’ ў бярэзьніку?

— Но-о! малая, малая!

Пагнаў каня — бо нельга-ж так захоплівацца ў той час, калі мусіш ехаць на працу, на капаніну ў зямлі! Але вачэй не закрыць — ня спыніць узроку — так і цягне яго то сюды, то туды, з месца на месца. Пранёсься захадам ды поўначчу і рвецца на поўдзень-усход. Там сьцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засьценкі і хутаркі. Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі — будынкі. Куды можна заплысьці па яго хвалях?

Сёмка пад’ехаў да месца, дзе трэба было зварочваць убок, на папярочную сьценку. Конь ужо ведаў гэта і сам павярнуў направа. Сёмку пакарцела праверыць, ці ўсё ў парадку на возе, ці не забыўся чаго-колечы. Паглядзеў і супакоіўся — было ўсё пад рукамі: прытуплены зрэзаны плуг, аброчная торба з кормам каню, прыпон і жукетка. Тады ён зьлез з воза, падвязаў лейцы за біла і пашоў сьледам. Ішоў і аглядаў папарныя галы. Сонца шмат зьнізілася, але яшчэ грэла добра. Пахла сухою зямлёю і гавяжым гноем. Па сьвежай ральлі скакалі кучамі вераб’і; бегалі жаўранкі і тупалі вароны. Птаства да таго было сьмелым, што і не ўважала ні стуку калёс, ні фырканьня каня, ні посьвісту