Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адчыняюцца перад ім жыцьцёвыя тайны, тым веліч іх цікавейшая і ўражаньне ад іх большае. Ажно не хацелася ўглыбляцца ў яго нетры, а цяпнула адвярнуцца на лёгкія зялёныя пэйзажы прыроды.

Управа роўнаю сьцяною струніў хвойнік, калісь яднаўшыся з густым непраходным лесам Скадыбамі. За Скадыбамі пачынаўся Жмыгінскі лес, а гэты, усвой чарод, падыходзіў да суседніх лясоў. Гэткім чынам, на дзесяткі вёрст цягнулася шырокая палоса лясоў, якая абнімала вакола Сілцы, мэрам шалік чалавечую шыю. Сёмка ўваскрашаў перад сабою даўно забытыя моманты з часоў пастушыных, калі цэлымі днямі прыходзілася яму блудзіць са стадам па гушчарных нетрах ельніку, залазіць у балотныя багны, губіць гавяду і губіцца самому. Часта злучаўся з Рыгорам і, не паладзіўшы, разлучаўся: браў сваё стада і гнаў у іншы бок.

Ад хвойніку і пастушыных часоў Сёмкава думка пераносілася да недалёкай пары сёмага і восьмага гадоў, калі яму разам з Рыгорам упяршыню цёмнай перадвялікоднай ноччу давялося раскідаць па дарогах проклямацыі. Вось па гэтай самай сьцежцы, што зараз едзе, накладалі яны дзесяткі лістовак і кніжачак, якія заклікалі да нізрынуцьця самадзяржаўя, да адабраньня ад паноў зямлі, да заваёў устаноўчага збору.

А пад’ехаўшы да крыжавой дарогі, Сёмка пераносіўся ў яшчэ ранейшыя, юнацкія гады, калі верыў, што на скрыжаваньні дарог водзіцца нячыстая сіла і што-вечар палохае людзей. Колькі разоў ён напалохаўся тут! Помніцца яму — адзін раз нешта гналася за ім да самага мястэчка.

Уцякаў, а калі прыгледзеўся — бегла Гладышова авечка…

А вось і грэбля! Тая самая, што летась бачыла дзікі вобраз зьдзекаў над ім поліцэйскага стражніка. Толькі падсохла зямля, як сагналі поўмястэчка на папраўку грэблі. Дзяўчаты, хлопцы, старыя, моладзь… Прыняліся за работу, а стражнікі ўсё падганяюць. Сёмку не сьцярпелася, і ён агрызнуўся. А стражнік, нічога ня кажучы, — раз, два, тры разы — нагайкаю. Ён паспрабаваў бараніцца, але куды там! Стражнік яшчэ больш раззлаваўся і даў не шкадуючы.

Па целе Сёмкі прашоў сударажны ўздрыг, а ўнутры закіпела злосьць.