Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падышоў да прызбы і праказаў Сёмку:

— Давай самім пашукаць чаго есьці; дакуль-жа яе будзем чакаць.

— Ды я ўжо так і думаў; хіба дайце каню.

Хведар адшчапіў замок і пашоў у сенцы, а Сёмка, падняўшыся з прызбы, падышоў к возу, каб зьняць з яго салому, посьцілку і палукашак.

Стэпа некалькі часу пасядзела моўчкі, а пасьля ўстала з прызбы і зрабіла два крокі да вешніц.

— Дык дзякуй табе, Сёмачка, — прамовіла яна, мэрам апамятаўшыся: — хоць крыху адвяла душу, а то цэлую ноч непакоілася. Што-ж зрабіць, няхай здароў едзе — гэтак ужо трэба… Хаця, сынок мой, не адмовішся лісту напісаць. Мо’-ж хутка паведаміць ён аб сабе?

Яна пашла з двара.

— Добра, цётка, добра, — паслаў ёй удагон Сёмка.

І тут-жа адцягнуўся думкамі ад Стэпы і ад Рыгора, а пачаў меркаваць, як і што павясьці бліжэйшую працу на гаспадарстве. Здавалася, што гэты час як быццам-бы павінен быць крыху вальнейшым, а тота-ж цэлая процьма работы! Папар ня зяблены, пасека не ачышчана, не загароджаны пастаўнік, засекі ў гумне не падрапараваны. Ці ўдасца, наогул, справіцца з усім гэтым да касьбы! І Сёмку задрэнчыла хутчэй сьпяшыць у Лужкі, каб заараць к вечару ганоў з чацьвёра. Ён паглядзеў на сонца — паказвала на другую гадзіну пасьля палудня.

— Хадзі есьці, — пазваў яго бацька.

Сёмку ня вельмі хацелася абедаць. Утома ад бяссоннай ночы давала аб сабе чуць: балела галава, вісеў нейкі цяжар на сьпіне, рабілася млосна. Добра было-б легчы адпачыць…

— Ня хочацца есьці.

— Хоць малака кубак выпі.

На гэта Сёмка згадзіўся: выпіў малака і хутка завінуўся каля воза.

Праз некі час быў гатоў і выехаў у Лужкі на ворыва. Дарогаю ён ізноў углубіўся ў думкі аб жыцьці, аб яго рознастайных патрэбах і вымаганьнях, аб настойным, упартым змаганьні з ім. Дзівіўся, якім развоем здарэньняў патыхала ад яго, і адзначаў сам сабе паступовы посьпех у сваім разуменьні ўсё большага ліку жыцьцёвых зьявішчаў. І тут-жа адчуваў, што чым глыбей