Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пэўна ў траву пашла з хлопцам…

— Так, так, Саламея… пашла ў траву, я бачыла.

— Гм! А трэба было ёй ісьці. Прысьпела. Паабедаўшы, пашла-б… Нябось есьці, Сёмка, хочаш?

— Ды нічога, пачакаю.

Хведар выцер рукавом пот на лобе, разгладзіў доўгую клінастую бародку, паправіў косы і пытальным узрокам паглядзеў на Стэпу.

— А ты ўжо прышла аб сыну праведаць што-колечы? Непакоішся, вядома.

— Дзе ты бачыў — спакой! Сэрца чарнее, работа ня міла…

— Вось тота-ж і тое: на сьвежую памяць… Што-ж ты з імі парадзіш: кінуў і паехаў, а ты тут, маці, як сабе хочаш — сумуй, біся, тужы… Гэткі ўжо сьвет.

— Навошта казаць — кінуў, — умяшаўся Сёмка: — а што-б яму тут рабіць?

— Чаму, што рабіць? Касіць, служыць, а мацеру сьцерагчы. Сьцерагла-ж яго, як быў малы, працавала. Нябось, згубіць мацеру — ня знойдзе другое…

— Ды што ім бацькі!

— Або Бэрка ня ўзяў-бы да сябе?

Сёмка зарухаў на месцы.

— Кіньце ўжо гэтага Бэрку. Досі ўжо яму балагольства. Мала ён папацягаў цяжару ды папаблытаўся і ў Ліцк, і ў Вільню; увосень і ў мароз. Наеўся гэтага хлеба ўдосталь…

— Яно-ж гэтак, сынок, ня вельмі добра служыць балаголам, але як трэба — нічога не парадзіш. Робяць-жа людзі і цяжкую работу. Вось, Бэрка, глядзі, як неміласэрна працуе… Ды, думаеш, там, на заводзе, лягчэй?

Хведар безнадзейна матнуў рукою.

— Ай, кінь ужо ты, Стэпа. Ласьне іх увагорыш? Ня ў нас яны, што і казаць. На іншы шлях пашлі — няхай. Пабачым — выграюць што ці не…

— То-ж вядома… Ды яно-б маўчалася, каб тое здароўе або крыху лепшыя ўмовы жыцьця; але ўсяго бяды — жыць старому няма як; чакалася ўцехі, вясёласьці, а тут вунь што.

— Я-ж ведаю. Вельмі дрэнна.

Хведар падняўся з прызбы, і пацікавіўся на вуліцу.

— Прапалі недзе. Скора каровы пагоняць, а іх няма.