Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вы, колькі разоў ён мне дапамінаў, каб я, прыехаўшы, суцешыў вас, ня даў сумаваць па ім.

Тон, з якім Сёмка выказаў гэтыя словы, яго бадзёры выгляд і адчуваная Стэпаю шчырасьць ды спагада да сябе, зьлёгку разагналі насядаўшы на яе цяжар, адчынілі ёй край цёмнага пазему і бліснулі крохкаю, нясьмелаю надзеяй. Стэпа адчувалася крыху весялей і месца смутку займала пачуцьцё нявыказнай любасьці да Рыгора.

— То-ж то, каб-жа так сталася…

— Або прыедзе сам па вас, — дадаў Сёмка: — забярэ і паедзе. Мо’ нечакана гэта выпадзе… Горад усё можа зрабіць — то ня наша зямля, якая адно ведае — выцягнуць з цябе ўсе сокі, а пасьля забраць у сябе.

— Ой, зробіць горад, — з напускным недавер’ем сказала Стэпа: — вось колькі часу ўжо ён пражыў у ім, а што добрае знайшоў? Толькі адно, што вытравіў хаценьне жыць у доме, пры мацеры… Бачыш, сынок, ты тут цішком, паважна рыешся і рыешся ў зямлі, даглядаеш бацькоў і сябе, а Рыгор — носіцца са сваімі думкамі, плянуе ды мяркуе, няма ведама аб чым. Думаеш гэтае не мяшае яму? Вельмі ўжо шырокую натуру мае — каб усім добра зрабіць…

Сёмка ня стрымаў ухмылкі на губах.

— Цётачка, ці-ж гэта ганьба? Рыгор ведае, што толькі тады будзе добра і нам, як добра ўсім будзе. Ён ведае, што вам цяжка жыць таму, што занадта лёгка жыць другому. Або Рыгор паехаў-бы ў горад, каб тут было добра?..

— Ай, дзеткі, дзеткі, што вы задумалі? Ці мала ў вас свайго клопату? Ласьне вы можаце перайначыць тое, што вякамі стаіць?

Стэпа не даказала, — голас Сёмкавага бацькі, Хведара, які няпрыкметна для іх падышоў к возу, перабіў Стэпін сказ.

— Ужо і дома? — раптам прамовіў Хведар.

— Як бачыце. Ужо больш гадзіны вас чакаю: прыехаў, а хата замкнута…

— Дзеньдобры, Стэпа! — перабіў Сёмку бацька і прысеў помеж са Стэпаю.

Дзьве касы, што прынёс з сабою, палажыў з правага боку.

— А дзе-ж маці?

— Або я ведаю?