Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж, Сёмачка, — загаварыла яна: — і я-б, мілы мой, ахвотна кінула-б усё ды паехала з ім. Як падумаю, што мне аднэй давядзецца жыць — няма сілы цярпець.

— Пачакайце, вось: ажывецца трохі і перавязе вас да сябе. Ці-ж тут вельмі трудная рэч?

— Ай, дзе там, сынок, вязьці старыя косьці невядома куды, — не згадзілася Стэпа: — добра вам, калі вы маладыя, перад самым жыцьцём, а мне… Вось пацягаешся які гадок — ды на Пасечныя. Яно-ж таму і цяжка гэтак, што на парозе сьмерці, можна сказаць, ды аднэй заставацца. Каб ранейшыя сілы ды рухавасьць — мо-б іншымі вачыма глядзела-б, а цяпер, вось… Як у людзей — то ёсьць блізкія, родныя або свая добрая стача, а гэта — як кол той — адна аднэю… А быў-бы дома Рыгорка — іншыя паперы: як чула-б сябе, як за мураванаю сьцяною; захварэла — было-б каму даглядзець, памёрла-б — было-б каму пахаваць палюдзку. А цяпер, схопіць хвароба, задушыць, дык дзён пяць паляжыш, пакуль даведаюцца людзі. Або, каму гэта трэба праведваць? Каму і дзеля чаго я карысна? Вось, мой Сёмачка, у чым захаваны ўвесь жах мае адзіноты… Паглядзіш на другіх — вясёласьць з воч ня сыходзіць: дзеці дома, поўна хата гоману, рэзвасьць, вясёласьць некая, а ты, колькі ні прызірайся — Рыгоркі ня ўгледзіш.

Стэпа да таго разгорнілася, што не магла далей казаць. Яна ўнырыла тварам у фартух і мо’ хвілін пяць выцірала заплаканыя вочы… Ад гэтага ніякавата рабілася і Сёмку: шчырая споведзь Стэпы праходзіла ў яго нутро і кратала за душу. Яго пачуцьці зьліваліся з пачуцьцямі кабеты мацеры і адчынялі перад Сёмкам глыбокую пустэчу, якую нядаўна займаў Рыгор. Аднак, ня хочучы паддавацца сумнаму настрою, Сёмка жадаў разьвеяць яго і ў Стэпы. Памаўчаўшы крыху, ён ізноў пачаў разважаць старую:

— Дый чаго ўжо вам, цётка, занадта сумаваць! Няўжо такі і сапраўды вы памрыцё не дачакаўшыся Рыгора? Ня трэба глядзець у вочы выключна нядобраму; трэба ведаць, што жыцьцё не бяз добрых выпадкаў. Вось пражывеце якога з поўгода адны, адаля Рыгор забярэ вас да сябе, ажэніцца там, возьме многа пасагу і ўсё паверне на новы шлях. Рыгор — чалавек ня дурны; у яго ёсьць і талент, і ахяота, і спрыт. Чулі-б