Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перад дзьвярыма і пазіраючы на гарод. Пасьля зьлез з возу, пастаяў з хвіліну ды пачаў распрагаць каня. Але не пасьпеў ён рассупоніць хамута, як пачуў з-за вешніц голас:

— Дзень добры, Сёмачка! Ці-ж ужо вярнуўся, сынок?

То казала Стэпа, — Сёмка пазнаў па голасе.

— Ідзеце, цётка, сюды, — пазваў яе.

Стэпа прашла ў двор, падблізілася да Сёмкі і некалькі хвілін памаўчала, сочачы за распраганьнем. Калі-ж Сёмка вывеў каня з аглабель, завёў у хлеў і стаў зьбіраць зброю, Стэпа ўлучыла момант і запытала:

— А як-жа, сынку, заехалі?

— Добра, цётачка. Скора і добра. Пасадзіў яго на поезд…

— На поезд-і-ы?

Стэпа разгорнілася і ўцерла хвартухом вочы.

— Добра-а, кажаш? Мой сынок сеў на поезд ужо. Мае дзеткі, калі-ж я яго ўгледжу ўжо… Гой, Сёмачка-а, дзе ўжо тое дабро. Вось ты прыехаў, а яго няма; вас дваіх у бацькоў ды абое дома, а гэта адзін-адзінёшанек і таго ня суджана бачыць. Адна мушу жыць, як манашка якая… І мне ня добра, і ён, пэўна, ня зусім спакойны.

Абое прыселі на прызьбе.

— Нічога, цётка, ня сумуйце так… Ехалі мы весела, праз усю дарогу гутарылі, сьмяяліся. А на станцыі ў Ліцку я яшчэ падшукаў яму на дарогу дзяўчыну, як ляльку. Разам паедуць… Вяргіня проста — куды там Прыдатчанка!

Перад Сёмкам выразна залунаў вобраз Ганны.

— Чаго тужыць, — далей казаў Сёмка: — вы думаеце, што толькі адзін Рыгор і паехаў? Тысячы людзей едуць; маладыя і старыя, адзінкамі і сем’ямі; пэўна, многія ад бацькоў у сьвет, іншыя да бацькоў, бацькі да дзяцей. З месца на месца, з гораду ў горад, за шчасьцем і праз няшчасьце. А ўсе разам — ганяюцца за сваёю доляю, шукаюць чагось лепшага… Ці-ж толькі вам адным нядобра? Гэта тут, у Сілцох, седзячы, думаецца, што Рыгор адзін такі, а паглядзелі-б, што чаўпецца ў Ліцку на станцыі — дзіва!

Стэпа зьдзіўлена ківала галавою, і, відаць было па яе міне, што сэрцу няма спакою ад Сёмкавых слоў. Мала дзе што ёсьць — ёй балючы свае раны.