Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў Ліцку, а адвёз іншага чалавека. Вернецца ў Сілцы і стрэне яго ці ў сьценцы між палеткаў, ці каля хаты на прызыбе. Сёмка пражыў і прадружыў з Рыгорам вясёлыя рэзвыя гады юнацтва: разам вучыліся ў дырэктара па хатах, разам рабілі саначкі і лыжы ды коўзаліся на іх; разам па чатыры гады пасьвілі каровы. Дружылі і тады, калі падрасьлі, і Сёмка стаў земляробам, а Рыгор астаўся служыць у балагольстве. Па адных зборнях хадзілі, браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Самі ўдваіх дашлі да дэмокрацтва і адначасна Сідар Вузел упісаў іх у соцыял-дэмокрацкую організацыю. Як-жа забыць ім адзін другога? Як пагадзіцца з думкамі, што Рыгора ўжо ня будзе ў Сілцох, калі вернецца Сёмка. Каб то Рыгор не прыяжджаў — мо’ яно іначай было-б: усё-ткі час патроху бярэ сваё — памяць паддаецца новым абставінам. Але Рыгор вазьмі — і прыедзь; а далей — спатканьне, гульня, гутаркі, успаміны аб мінулым, і мяжа перарэзалася, як-бы Рыгор ніколі не выяжджаў з Сілцоў. А гэта ізноў — шась і зьнік, і ня будзе яго… Няўжо такі ня будзе?

Гэткі пераплёт жыцьцёвых зьявішчаў блутаў Сёмкавы думкі. Цікава ўсё робіцца на сьвеце!..

«Гэта-ж прыеду ў Сілцы і мушу зайсьці да яго мацеры, каб паведаміць, як і што мы даехалі. А пайду на зборню — Рыгора не знайду. Яго ўжо ня будзе ў Сілцох, ён ужо будзе ў Рызе».

Сёмка азірнуўся навакола, мэрам хочучы праканацца, што ён адзін, бяз Рыгора. Узрок яго коўзаўся па гладзі руцяністай зелені і дзе губіўся ў сівай далі, а дзе перасякаўся сьцяною лесу, або шэрым узгоркам, — Сёмка Рыгора ня бачыў. Ён ад злосьці, ці з крыўды, хвасянуў займаздароў па кані і ўголас нокнуў: «Но-о-о, каб ты здохла! Падбяжы-ы крыху!»

Конь рвануўся і мо’ з поўганоў прабег скорым трухам, а далей зноў умерыў хаду.

Белая шырокая дарога выхілястаю стужкаю бегла далёка да ўсходу, рэжучы зялёныя нівы.


II

БЫЎ ПОЛУДЗЕНЬ, калі Сёмка прыехаў дамоў. Якраз нікога ня было ўдому — на зашчапцы дзьвярэй вісеў замок. «Дзе-ж бы яны былі ўсе?» падумаў Сёмка, супыніўшы каня