Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/256

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разьвярнуцца. Відаць — дзе шырэйшая палоска, там збожжа лепшае. А ў фальварках — дык проста яно паказвае на другі завод, на інакшы сорт. «Я апрацаваў-бы з бацькам дзесянцін пятнанцаць — сьмела», думаў ён: «чаму-ж мне іх не дастае? Папы, паны, шляхта маюць тысячамі дзесянцін, а мужыку — тры, пяць, сем… Няпраўда, соцыялізуем!» матаў Сёмка пугаўём у бок фальваркаў і пераходзіў да думак аб рэволюцыйным руху, аб яго посьпеху, аб прыходу соцыялізму. Тут-жа перамігаліся ў памяці таварышы з Сілцоўскае організацыі, усё некія асаблівыя, непадобныя адзін да другога, і ўсе — на яго. «Зямля — мала каго цікавіць. Працоўны дзень, паляпшэньне ўмоў працы, павялічэньне пэнсіі. А працаваць да цёмнага ў полі? Замурзанаму, босаму, забруджанаму ў гной? Найбольш гарбары, шаўцы, краўцы — вось яго таварышы. А сялян-земляробаў — два-тры; ён — Сёмка, Пятрусь і Саўка…

Сёмкавы думкі краталіся Рыгора. «І Рыгора нават не клапоціць зямля — можа гэта і лепш. Узяў, вось, кінуў-рынуў Сілцы; і паехаў — нічога пазадзе, Сілцы пры ім і без яго — тыя-ж Сілцы; прыехаў у Рыгу — яго Рыга, пераедзе ў іншае месца — там сваё. Рукі — вось яго статак. А каб гэта сказаў мне: Сёмка, едзь у Вільню ці ў Рыгу — кідай Сілцы, ці-ж бы я паехаў? А бацькі? Ха-ха-ха! Рыгор мо’ і паверыў, што я ў адзін раз раптоўна, вазьму і апынуся ў Рызе… Не-э-э, даражэнькі-ы сябру, мабыць, гэтага ня будзе-э… Я так сабе, да слова, сказаў. Нялёгкая справа, прыкаваўся да зямлі — тупай. Каб і хацеў — то не адарвешся адразу. Аднаму — сьцены заводу, другому — прастор нівы, лес, поплаў… Рыгор кажа, што «зямля любіць вучаных», то праўда. Шчырая праўда. Толькі тое бяда, што часта зямля не дае мажлівасьці вучыцца. Ну, хоць-бы ўзяць мяне; я цёмны нявольнік зямлі. Куды-ж мне да гораду!.. Я ведаю, што горад можа навучыць, як лепей і мацней змагацца за зямлю. Але мяне само жыцьцё загартавала на гэта».

Сёмка цалком аддаваўся гэтым думкам, ажно забываў пра ўсё іншае. Конь паціху клыпаў, трасучы воз. Усё гарачэйшым рабілася сонца. Прыпякала, цяжыла яго, хіліла ко сну. Але ён упарта адганяў драмоту, папраўляўся на месцы і далей перабіраў думкамі. Ад тэмы аб зямлі — перашоў асабіста да Рыгора, і адразу паўстаў яго вобраз у тым выразе, які адбіўся пры разьвітаньні: як жывы, вось. Здавалася, што ён не пакінуў Рыгора