Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хвойнічку трое кабет ці дзяўчат з поўнымі мяшкамі травы на плячох. Здалёк паказвалася, што вось-вось цяжкая ношка прыгне іх да долу, ападзе сваёю вагою і прыдушыць, або пераломіць аголеныя за калені ногі. У паветры было ціха; расьліны стаялі заварожанымі.

Сёмка ўладзіўся сесьці так, каб паглядаць абапал гасьцінцу, сочачы за пасевамі. Ён суздром захапіўся полем і любаваўся ім, як мастак сваім вобразам. Яно родна Сёмкаваму сэрцу, блізка яго разуменьню. Змалку прывучыў яго бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. За якія восем гадоў Сёмкавы ногі пакінулі мільёны сьлядоў у мяккай глебе па вільготных разорах і на цёплым баранаваньні; яго праца, што цеплатою і потам пералілася ў мяккі парашок чорназему і суглінку, напаіла мільёны камялькоў аўсу, жыта, грэчкі, ячменю; яго вочы, шустрыя і празрыстыя, ахварбаваліся колерам валошкі, нажылі зоркасьць птушкі. Сёмка пашоў па бацьку, толькі ад натуры прыдалося яму больш ахвоты да працы пры зямлі. Злажыўшы яго з бацькавай сілу, стараннасьць і ахвоту — яны-б за пяцярых напрацавалі. Але шматок зямлі ў чатыры-пяць дзесянцін, які меў Сёмкаў бацька, не даваў мажлівасьці разгарнуцца. Прыходзілася спыняць размах! Тымчасам Сёмка бачыў, што ёсьць многа людзей, якія маюць па пятнанцаць, па дваццаць, па сорак і па больш дзесянцін. Сёмка бачыў цэлыя маёнткі і ведаў, што ўласьнікі іх самі не працуюць, а другім не даюць… Гэта заўважыў ён яшчэ юнаком, калі ўпяршыню пачуў скаргу бацькі на розныя недастачы ў хаце. І з таго часу задумаўся глыбока над пытаньнем, як зрабіць, каб лепей разьмеркаваць зямлю. З гэтымі думкамі ён умешваўся ў бацькаўскую гутарку, з імі ён падрастаў, аручы зямлю, праз іх дайшоў да соцыялістаў. Але Сёмка стаў соцыялістам асабовым — бунтаром і ў той час прыхільнікам «надзелу зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі». Гэтага надзелу ён ні на момант не выпускаў з галавы; «надзел зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі», стаяў у асяродку програмы ўсіх яго дамаганьняў, каля яго вярцеліся мары аб соцыялізьме.

Вяртаючыся з адвозу Рыгора, Сёмка пільна сачыў за нівамі паабапал дарогі, крывіўся на вузкія і зайздросьціў шырэйшым. Тайком варушылася гострае жаданьне — мець-бы сабе такую — гэтак, дзесяцін у дзесяць гаспадарку. Усё-ткі былоб на чым