Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Каняка была ціхая, сьмірная і к пахаце прывычная: хоць малому дзіцяці дай, дык і тое справіцца з ёю. Вось і Зося так любіла сваю рахманую Гнедку, што наўрад, ці магла-б калі прывыкнуць да другой, каб гэта хто адняў яе.

— Но-о-о! Но-нно! — час-ад-часу выкрыквала Зося, павольна праводзячы роўную шырокую баразну.

Але яна выкрыквала не затым, каб хто, пачуўшы гэта думаў, што Гнедка ленаваўся і капырсьціўся ў плузе, ці ціха ішоў, ці рваўся ў бакі, робячы агрэхі. Не, і не! Зосі проста не хацелася быць нямой, маўчлівай.

— Гнедка няспынна клыпаў мерным, цьвёрдым крокам, як тое і патрэбна, а Зося весела і задаволена ступала сьвежаю пахкаю каляінкаю, адчуваючы ў падошвах ног прыятны халадок і пакідаючы за сабою выразна адбітыя сьлядкі.

Цягнула сьвяжыстым вятрыскам, які зьлёгку абдаваў яе шчокі і трапаў распушчаныя косы, павылазіўшыя з-пад новай чысьценькай хусьцінкі і раскіданыя на плячах.

Правёўшы некалькі баразён, Зося спынялася, прысядала на мяжу і, прысеўшы глядзела то на сонца, то на цень, якую зьмярала, каб вылічыць, якая пара і колькі ўдалося ўзараць.

Па ўсім палетку, куды яна ні глядзела, відны былі людзі, якія то аралі, то баранавалі, то зьбіралі каменьні па нівах. З усіх бакоў даносіліся вясёлыя напевы вясковых песень, а з Масьціцкай пасекі чуўся стук сякер, гулкі гоман і покатны рогат карчоўнікаў. Зося прыслухвалася да ўсяго, ловечы кожны зык, кожнае трапятаньне жыцьця.

Дзень каратаўся за работаю скора і няпрыкметна. Зося нават не пасьпела і агледзіцца, як сонца апусьцілася к гаю і косыя доўгія праменьні пачырваніла бурачнаю хварбаю. Пацягнула лёгкім вільгатным вятрыскам.

Не чакаючы, каб сонца закацілася за гай, Зося пакінула ганоў трое недавораных і паехала да хаты.

— Да чэрвеня яшчэ пасьпею даараць! — супакоіла яна сябе і занялася другімі думкамі.


IV

З ПОЛЯ дамоў Зося таксама праехала абходнаю пагоннаю сьценкаю, каб абмінуць Васілёву хату; але абмінуць-то яна хату абмінула, толькі ёй на гэты раз не ўдалося абмінуць Васіля.