Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праўда, сама стрэча з ім выпала зусім асаблівай, нават непахожай на стрэчу, ды Васіль, бадай, Зосі ня прымеціў, расхадзіўшыся ў лаянцы. Тым ня меней Зося пасьля гэтага адвярнулася ад яго яшчэ больш.

Зося яшчэ пры выезьдзе з пагону пачула нейкі крык, падобны на сварку, а, уехаўшы ў вулачку, ёй з першага ўзроку кінулася ў вочы цэлая грамада людзей: баб, мужыкоў і дзяцей, якія таўпіліся ля студні, моцна гаманілі, рагаталі і выгуквалі. Пад’ехаўшы к грамадзе, Зося хутка спынілася і, зьлезшы з воза, пачала распытваць, у чым справа.

— Вой, вой, галубачка ты мая! — ахвотна паведала ёй Вася, спагадлівая і чэсная бабулька, якая за ўсе свае шэсьцьдзесят гадоў жыцьця ніколі нікому не зрабіла ні каліва крыўды.

— Каб ты ведала, Зосечка, каб ты ведала, котка мая, што тут дзеецца, што тут чаўпецца! Аяй, аяй, які грэх цяпер у сьвеце трымаецца, які…

— Дык што-ж тут, што? — з вострай цікавасьцю перабіла Зося.

— Ого што, ого! Гэта-ж, каб ты ведала, галубка мая вунь, што вышла: бач, Стэпа гэта, ну, Рыгора Нязвычнага маці, нясла, ведаеш, бярэмяйка галяйка з пасекі; а гэты, во, ведаеш, Васіль Берагаў, стрэўшы яе ля студні, спыніў і давай лаяць: «што ты, кажа, пакрала з мае пасекі гальлё?». Тая бажыцца, ды заклінацца: «Я, кажа, набрала ў казённым лесе».

Але Бераг ёй не паверыў, адабраў гальлё і яшчэ сіберна наштурхаў стару кабету. Бедная Стэпа раскрычалася, расплакалася, — вось і зьбеглася цэлая чарада людзей.

Зося не магла спакойна выслухаць: ёй зрабілася ні то сорамна за Васіля, як за знаёмага, ні то злосна на яго: здавалася, каб ня людзі, яна-б падбегла-б к яму і жорстка вылаяла-б. Сьпярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою, і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай.

Заехаўшы да дому, Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў ясьлі ахапак сьвежага дзяцельніку; сама-ж увайшла ў сенцы, перапранулася ў чысьцейшую вопратку і барджэй кінулася к ложку, каб крыху спачыць. Марта, убачыўшы гэта, падбегла к дацчы і з трывогаю пачала распытваць, што з ёю, чаму яна нічога не кажучы, пасьпяшыла ў пасьцель.