Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ехаць. Усё гэта ёй было знаёма і зусім няцяжка: старэнна і сьпешна яна справілася з усім і адправілася ў поле.

Дарога, кудэю Зосі трэба было ехаць, выходзіла якраз з тае самае Сівулінскае вуліцы, на якой яна жыла і на каторай, ганоў на дзесяць ад хаты Прыдатных, туды пад поле, за горкай, стаяла Васілёва хата. Зосі ня раз і ня два ўжо траплялася праяжджаць гэтай дарогай і кожны раз, калі-б яна ня ехала, як на прымху, яна спатыкалася з Васілём, каторы або стаяў ля сваіх вешніц, або глядзеў у вакно і кожны раз — няйначай уздымаў першы гутарку і вымушаў Зосю адказваць на яго запытаньні.

Зося чакала, што і на гэты раз ёй не абыйсьціся бяз стрэчы з Васілём, які — напэўна падпільнуе яе, спыніць і пачне вязацца ў вочы з сваімі ачамернымі запытаньнямі і надаедлівымі жартамі. А к гэтаму якраз учора так ніякавата вышла, што пасьля гэтага ня толькі гаварыць, а і ўбачыцца неяк сорамна.

І Зося, пад’ехаўшы к Цішкавай хаце, дзе пачынаўся ўклон, зьлезла з воза і павяла каня зусім у другі бок, на вулачку, якая перасякала гароды мяшчан і служыла пагонам.

Гэта вулачка таксама выводзіла на палеткавы гасьцінец, як і тая дарожка, што ішла між Васілёву хату, толькі ганоў са двое трэба было зрабіць лішніцы. Зося згадзілася на апошняе, абы толькі не наткнуцца сёньня на Васіля.

Зьвёўшы каня з горкі, з-пад Цішкавай хаты, яна напаіла яго і пагнала трухам.

Жыцьцё ўжо ўсюды кіпела: на гародах бабы садзілі і палівалі расаду, некаторыя ўжо варочаліся з поля і нясьлі мяшкі, паўнюсенька набітыя травою. З выгану даносіўся рэзвы зык пастуховай трубы і чуўся гдзесь на гуменьнях адчаянны брэх сабак.

Пагода выдалася цёплаю і сонешнаю: чыстае, і, здавалася, зусім нявысокае неба, як дарагі блакітны дыван, абвісала над радаснаю красуючаю зямлёю. Раньняе чырвонае сонца моцна грэла, папіваючы праменьнем выпаўшую ноччу серабрыстую крышталёвую расу.

Зося хоць і несьціханна падганяла каня, ехала няшпарка і патрабавалася каля гадзіны часу, пакуль яна прыехала на месца ворыва, у Лагоры.

Прыехаўшы-ж к сваёй палосе яна некі час пастаяла ды палюбавалася вакольнымі вобразамі, перанеслася думкамі да Рыгора і, успомніўшы пра ліст, упусьціла плуг у зямлю.