Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каля яго хвілін з дзесяць. Пасьля адышоўся на сярэдзіну пакою, паглядзеў вакола і прылёг. А ў гэты час, перажываючы хваляваньні няпэўнасьці, набліжалася к дому Ганна. Ціха, але ўверана, разьзіраючы па бакох і час-ад-часу паглядаючы на нумары дамоў, яна ішла да Рыгора з такім разьлікам, каб прысьці на кватэру на змроку, калі-б, напэўна, ён быў дома. Яна не баялася зблудзіць, бо лічба дому і асабліва нумар кватэры — № 33 — добра запамяталіся ёй, нібы хтось выразаў скальпэлем на сэрды. Яна іх бачыла, нават адчувала з моманту, калі іх выказаў Рыгор. Расказвала мацеры, як і што гуляла ў гасьцёх, што там чула і бачыла, як жывуць дзядзькі і знаёмыя, — а думка ўвесь час вадзіла перад яе ваччу лічбу дому і лічбу кватэры — роўныя, вочастыя, стройныя тройкі. Хадзіла на рынак купляць харчы, — і гэтыя лічбы нясла з сабою. Яны кідаліся Ганне ў вочы на кожным муры, дзе чырвоныя на цёмным полі, дзе белыя — на сінім, выразьнейшыя, то цямнейшыя. У іх была патаемная сіла прыцягненьня. Ганна ня ведала, як скаратаць дзень, каб, нарэшце, падыйсьці да гэтых троек і заглянуць за іх заслону. Рыгор!.. Між дваіх троек, жывы, рэзвы, як мастацка намалёваныя лічбы і — захоплены ёю, Ганнаю… Як хутчэй скаратаць дзень? Быў-бы ён дома! Бралася за кніжку, калі маці адлучалася ў горад, вадзіла вачмі па радкох літар, а з іх паяскоў вынікаў знаёмы твар, яго пекныя рысы. Губіўся сэнс, і галава павярталася да дзьвярэй — дзе клямка з прадоўжнаю ручкаю таксама падобілася на тройку. Паглядала то ў адно акно, то ў другое і, бачачы толькі кароценькія клінкі ценяў на спрэс залітых сонцам сьценах і дахах дамоў, гостра недаволілася, чаму гэтым днём, як назнарок, так доўга не заходзіць сонца. Нібы хтось прыбіў яго на адным месцы, і яно ня можа крануцца кнізу! Гэта-ж трэба! Некалькі разоў пачынала зьбірацца ісьці — не магла чакаць, — але падыходзіла да дзьвярэй і адразу паварочвала назад. Куды-ж сярод дня! Рыгора, напэўна, няма ўдому… А шостай гадзіне Ганна вышла на двор. Але яснасьць дня, паднятае над мурамі сонца, зноў вярнулі яе ў хату.

— Забылася нечага? — запытала маці.

— Хустачкі.

— Ты ня баўся, дачушка, — папрасіла маці, калі Ганна вышла.