Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/246

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у многім залежыць ад тых здарэньняў, якія хутка пранясуцца над горадам, над Дзьвіною і над Вэрманаўскім паркам.

Рыгор паглядзеў вакола сябе.

Ён ведаў, што яго думкі і пляны, што яго перажываньні і настрой няведамы нікому. Яго пацягнула прысесьці пад лахматым капялюшыстым клёнам, з боку ўквечанай клюмбы, наўскасяк ад саджалкі. Ён прашоў наперад, паглядзеў на адну, на другую лаўку, вярнуўся назад, але ўсюды было заседжана, занята. Тады Рыгор вышаў з парку на вуліцу і ўспомніў, што да яго можа прыйсьці Ганна. «Авось ды надумае — пайду! Абяцаў-жа быць. Трэба спаткацца!»

Ішоў і думаў аб Ганне. Пазіраў на сонца і лавіў яго чырвоныя праменьні ў водблісках вокан, у правальлях між высокімі мурамі. Баяўся не спазьніцца. Не азіраўся назад: ёмка віляў між пешаходаў, калі-ні-калі саступаў на брук.

Нарэшце — дома. Рыгор каля брамы спыніўся і паглядзеў у бакі, а мо’ Ганна ідзе яшчэ, ці ўжо вышла, вяртаецца дамоў і з астатняю надзеяй кідае праглівыя возіркі? Нічога ня ўгледзеў і павярнуў у двор, на ўсходы, да кватэры.

Ніякага сьледу, ні знаку. Вільгельміна адчыніла дзьверы і прасунула ў іх свой няпрыгожы твар.

— Да мяне ніхто ня прыходзіў? — даведаўся Рыгор.

— Не, ніхто. А ласьне хто меўся зайсьці? — пацікавілася Вільгельміна.

— Так сабе, мо’ каму і надумалася-б, — схлусіў Рыгор.

— А вы ўжо з заводу?

Рыгор усьміхнуўся:

— Праспаў сёньня.

— Няўжо? Я-ж будзла — роўна а сёмай гадзіне стукала ў дзьверы.

— Я чуў, дзякуй; але не захацелася ўставаць.

— Вядома — пасьля дарогі затаміліся… А я думала, што вы на заводзе, цэлы дзень ня чуваць у хаце… Ды яшчэ пасьпееце нарабіцца…

— Пэўна, мы на тое і жывем, каб рабіць.

І ён прашоў у свой пакой. У пакоі было ціха і сьвежа; адчыненае праз увесь дзень акно ачысьціла паветра, падсушыла. Глухім гудам уплываў горадзкі шум; Рыгор зачыніў акно і пастаяў