Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, не.

А сама і ня думала, што хлусіць мацеры. Толькі-б застаць Рыгора, а там — як удасца… І ўжо захіліўшы за рог дому, забыла аб мацеры.

Сьвяціла сонца — крыху пачырванелае. «А калі крыху раней прыду», рашыла Ганна, адкідаючы сумненьне.

Няпрыкметна прашла Ганна ўсю дарогу і зусім нечакана апынулася каля дому №… Было відна — няхай сабе. Толькі кінула вокам паўзвыш брамы, праверыла лічбу і павярнула ў двор. Яе паварот адмеціўся лёгкім цюканьнем сэрца, іначай звычайнага. Але ня сумелася, перасекла двор, запоўнены дзяцьмі, і ўзышла на ўсходы. Адзін, другі, трэці пралёт. А вось і дзьве тройкі — хтось хацеў захаваць — палінялі; усё-ж для яе выразныя.

«Званю!» падбадзёрыла сама сябе і пазваніла, каб пэўней было.

За дзьвярыма пачуўся гучны тупат і зараз-жа яна пачула запытаньне:

— Вам каго?

— Рыгор Нязвычны дома?

Вільгэльміна — яна адчыніла дзьверы — адразу нічога не адказала, а падазрона аглядзела Ганну з ног да галавы, зрабіла чарствую міну на твары, пасьля двухсэнсоўна запытала:

— Ры-го-о-р? А на во-ош-та-а ён?

— Мне ён патрэбен, ці дома? — з налётам нецярпеньня адказала Ганна.

— Патрэ-эбен?! — зацягнула Вільгельміна: — ідзеце! — і прапусьціла Ганну ў кватэру.

Ганна ўвайшла і спынілася ў цёмным калідоры.

— Вунь там, направа, — падказала Вільгельміна, засьвяціўшы агонь: — апошнія дзьверы, — дадала яна: — ён дома, пастукайце.

Ганна падышла да дзьвярэй і нерашуча спынілася, але хутка сабралася і пастукала. З-за дзьвярэй пачуўся голас:

— Хто там?

А за голасам пашоў клапатлівы рух.

— Адчынеце, Нязвычны!

Рыгор адчыніў дзьверы і, замест прывітаньня, перапрасіў Ганну: