Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзілі ўсё новыя, гусьцеючы і павялічваючы кожнаю асобаю людзкую грамаду.

Рыгор з Міхасём сышлі з тротуару, перасеклі вуліцу і апынуліся ў гушчы натоўпу. Як і ўсе, паглядзелі на рэчку.

Дзьвіна паважна гайдалася ў каменных берагох. Лёгкія скруткі спакойлівых, нібы прыўтомленых хваль, пярэстых ад пераліву сьвятла з ценем, кудысьці задуменна вялі паход. Белымі, буйнымі птушкамі насіліся лёгкія парусьнікі, як правадыры хваль; каля абодвух берагоў ціснуліся пукатыя, ужо засмоленыя і яшчэ жоўтыя баркі, заплыўшыя вадою плыты. Далей і бліжэй шныралі параходы і параходзікі.

— Якая магутная рака! — падзівіўся Рыгор.

Міхась нічога не адказаў: натоўп зарухаўся і падаўся да сходаў; іх абодвух зьбілі з месца — падыходзіў параход.

— Ідзі лепш, каб не натаўхалі, — параіў Міхась і схаваўся ў людзях.

— Да заўтрага, бывайце! — паслаў за ім Рыгор.


VI

РАСТАЎШЫСЯ З МІХАСЁМ КАМАРОМ, Рыгор прашоў у горад, дзе адну за другою пасьпешна справіў усе свае патрэбы. Па дарозе дамоў ён захіліў у парк і некалькі разоў засаб абышоў па дарожках аблюбаваны круг. Ім увесь час валадаў узвышаны, неастываючы настрой. Пра работу, якую мусіў заўтра-ж з раніцы пачаць, ён і не патураў. Усе яго думкі неадлётна віліся вакола гутаркі з Міхасём. Яна адчыніла Рыгору новыя паземы, паказала заварожную таямніцу бурлівага перажываньня, хлынула бляскам бясконцай, разьліўной, як Дзьвіна, урачыстасьці. Шэраю палоскаю, мігаценьнем імжэла нявыразнае адзнаньне аб павіннасьці працаваць, аб закураных сьценах заводаў, аб жалезнай браме, аб сторажу Каралю. І гэта не чапала яго, як не чапаў яго ўвесь парк са сваім жыцьцём: з вясёлымі дзеткамі, што ганяліся за апукамі і абручамі, з боннамі ў беленькіх пастэрачках і з кухаркамі — у гаптаваных хвартушкох, з бяздомнымі валацужкамі, з шляхэтнымі бабулькамі-скарэдніцамі, з вясёлымі рэзвымі парачкамі, з сахармарозьнікам і прадаўцом рознакалёрных пухіркоў. Толькі-б дапомніць яму хацелася гэтым людзям, што іх лёс