Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нясе ў сваім росьце магутныя заданьні новаму, вольнаму жыцьцю! Вось Рыгор! Колькі іх ідзе па Міхасёвых сьлядох!..

І далей, далей, туды за Дзьвіну, туды, да заліву, адыходзілі чорныя цені мінуўшчыны, праясьніліся паземы, і побач расла вера, маладое натхненьне.

Міхась ступаў па напаленых каменьнях тротуару і адчуваў, як прутка выпростваюцца ногі, як лёгка адмяраюцца рашучыя, цьвёрдыя крокі. Ён ішоў праз гушчу варожага яму жыцьця, якое сьціскала яго з вакол, давіла духатою атрутнага паветра, — а яго вера маланкаю разразала згусткі павісшай жыцьцёвай духаты.

Рыгор, ідучы побач, замоўкшы, задумаўшыся над тымі-ж заданьнямі, што і Міхась, цешыў апошняга сваім настроем і глыбокім пазнаньнем падасьпеўшых пытаньняў моманту.

Міхась не сьцярпеў, каб ня выказаць Рыгору свайго пачуцьця.

— Ведаеш, Рыгор, ты ўзбадзёрыў мяне сваім настроем. Я вельмі рад тваім словам; я рад, што ты ўбіраеш іх гэткім натхненьнем.

Рыгор быў палішчаны.

— Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцьця, я шчасьлівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншынаю. Я бласлаўляю той момант, у які я стаў на шлях змаганьня. Сіла яго зьбіралася ва мне гадамі, гартавалася, а зараз вось выбухае на поверх. І кажу я вам: майму жыцьцю няма і ня будзе іншае дарогі, як дарога нясупыннага, кіпучага, самазабыўнага клясавага змаганьня за свабоду…

Рыгор слова за словам паднімаў голас. Захапляўся пачуцьцём, ківаў галавою і перабіраў пальцамі. Пешаходы, што наганялі іх ззаду і што ішлі насустрач, цікавіліся, павярталі ў іх бок галовы, некаторыя азіраліся, іншыя чуць-чуць усьцішалі хаду; бывалі, што гіронічна падсьмейваліся. Нарваўся адзін такі, што бясцырымонна спыніўся, параўняўшыся з імі, і пільна пачаў прыглядацца. Рыгор ня прыкмеціў, але Міхась, напрактыкаваны на людзях, заўважыў цікавага і тузануў Рыгора за рукаў: Рыгор сьціх і паглядзеў на Міхася…

Зусім блізка была прыстань. Перад дашчанаю будачкаю ціснуўся натоўп людзей, якія чакалі параходу. Да іх надыхо-