Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як і ўсюды: рвуцца на барыкады…

Рыгор падумаў, пакуль прашлі які сажань, пасьля ізноў запытаў Міхася:

— Ну, а як павашаму, можна спадзявацца на посьпех?

— Памоему адно: будзем маўчаць — то, напэўна, прайграем, а станем адбівацца, то хоць прайграем, але ня столькі…

— А такі прайграем, ці так, ці гэтак? — сумеўся Рыгор: — дакуль-жа, нарэшце, мы будзем прайгрываць, скажэце?

Міхась усьміхнуўся. Паглядзеў па бакох.

— Трэба вучыцца выйграваць на… прайграным.

— Балюча і немажліва гэта… Годзе! Трэба напружыць усе сілы і паўтарыць пяты год…

Міхась узяў Рыгора за руку.

— Астынь, астынь, браток. Занадта ты гарачы, як я пабачу. Лепш паціхеньку, вобмацкам, зьбіраючы сілы, вырахоўваючы, а не без азірку, нагалам. Пачакай — яшчэ год, яшчэ год…

І колькі гадоў?

— Колькі выпадзе — тут ня скажаш дакладна.

Рыгор сярдзіта матнуў рукою ў бок гораду.

Міхась ня ўтрымаўся і ў голас зарагатаў:

— Зялёныя!

У яго словах Рыгор адчуваў недачасную спакойлівасьць, і падазрона падумаў: «Ці-ж можна з гэткім настроем ісьці ў бойку».

А Міхась, чалавек, гадоў сарака пяці, нагледзіўшыся і начуўшыся, перажыўшы шмат забастовак і паўстаньне пятага году, многа разоў губіўшы палкасьць і захапленьне з-за частых няўдач, пазіраў на Рыгора, як на вучня, упікаў за яго моладасьць, шкадаваў сваіх ранейшых гадоў і тут-жа сам сабе цешыўся, як-бы ў адплату за іх, што яго сілы і турбацыя не загінулі, што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змаганьня за вялікія ідэі вызваленьня працоўных. Багатая сокамі цаліна агромнай краіны расьціла маладыя пасынкі. Што, сапраўды, усе тыя пакуты, якія давялося перанесьці! Міхася, арыштаваўшы ў першамайскаю маніфэстацыю, марылі тры месяцы без работы — ці-ж не дзеля таго гэта, каб дзень-ада-дня, на вачох, уверана ды ўпарта ўзрастала на гэтым новая хваля маладое бунтоўнае сілы, сілы, якая