Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэтага мала, патрэбна рашучая падмога з боку сялянства…

— Мне думаецца, што яна будзе. Я суджу па сваім месьце. У нас большасьць — бядняцкае малазямельнае сялянства; ёсьць багатая спадчына народавольчаскай чыннасьці; яскравая памяць аб 1905 годзе. Організацыя соцыял-дэмократаў хоць і невялікая, а ўплыў мае вялікі. Між вёскамі маецца цесная сувязь — у кожнай ёсьць некалькі нашых чалавек…

— Так, але ўсяго гэтага мала, вельмі…

Міхась не даказаў і змоўк. Рыгор ня прымеціў нават; захоплены настроем моманту, ён сягаў і думкаю, і пачуцьцём у блізкай будучыне, якую абяцалі выкінуць наповерх хвалі раскалыханых здарэньняў. Выабражэньне яго не магло справіцца з тым вобразам, поўным сілы і магутнасьці, руху тысячных грамад, які ў выразных рысах насіўся ў яго ваччу. Перад гэтым вобразам прыкметна нікла і гінула ўсё тое, што было ня зьвязана з агульным жыцьцём, з ідэямі працоўных гушчаў. У Рыгоравым нутры ўвочавідкі нарастала прагнае жаданьне як найхутчэй падцягнуць здарэньні, прысьпяшыць іх разьвязку і, разам з гэтым, не абыйсьці іх самому, не абмінуць, а абмыцца імі, кінуцца ў іх віраваньне, уплыць сваёю чыннасьцю на іх разьвіцьцё і пасобіць пакіраваць па сваім разуменьні. О, ён даў-бы ім кірунак, сьмелы і адважны!

Рыгор ажно скалануўся ўсёй постацьцю ад надышоўшага пачуцьця ўздыму. Паглядзеў на Міхася. Мімавольна падумаў: «Руху, змаганьня, помсты! Хай-бы адчулі на сабе, якая сіла назьбіралася ў нашых радох!..»

— Так… — ацьвярозіў Рыгора Міхась: — на днях назначаны другі дэлегацкі сход… Ад нашай майстэрні, ведаеш, выбралі і цябе… Што ты скажаш?

— Як яно вышла? Ці-ж ведаюць, што я прыехаў? Або без мяне не знашлося? — зьдзівіўся Рыгор, а сам палаў ад радасьці… — Ці ня вы, адно, Міхась, пастараліся?

— А калі я, дык ты нездаволены?

— Ня тое, толькі думаў…

— Годзе думаць, пара сур’ёзна брацца за справу…

Рыгор памаўчаў, ён толькі і думаў аб сур’ёзным.

— А скажэце, Міхась, які настрой на нашым заводзе? — перайшоў ён на другое.