Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шчэньня забастоўкі. Трэба ня ўпускаць часу і не распыляць сіл. Якраз можна будзе падтрымаць дух і булачнікаў таксама. Колькі часу яны бастуюць, а падмогі няма; нават больш таго: між самімі ідзе няўладзіца — частка бастуе, другая пашла працаваць. Гэта сее нездаровы настрой… А вось і на заводзе кампаніі: які час бастуюць адны і не да лепшага, а глядзіш, фабрыканты перамогуць і пойдуць у наступ. Ужо чуваць гутаркі аб лёкауце. Патрэбна, каб нас не засталі раптам — лепей нам ударыць усім разам на ворага… За гэтым і паміж партыямі наладжана коордынацыя чыннасьці…

— Так, так, так, — цалкам згаджаючыся з Міхасём, поўны натхненьня адказаў Рыгор: — толькі тады выграем, калі самі пойдзем у наступ… Настрой уздымны ўсюды… Вось у нас, дзе я быў, гатовілася забастоўка гарбароў… На вёсцы конфлікты сялян з памешчыкам…

— Вось бачыш…

Міхась хвіліну падумаў.

— Ты, пэўна, зусім не спадзяваўся, што так шырока разьліюцца здарэньні. Тыя маленькія адзнакі, якія адмячаліся перад тройцаю, зусім не казалі на гэта… Яно, бачыш, заўсёды так бывае…

— Ведаеце, таварыш Міхась… — перабіў Рыгор: — каб я ведаў, што ўсё яно прыме гэткія формы, я-б і тыдню дома не прасядзеў… Дзе там адпачынак у час пажару! Мяне ўсяго ахапляе абурэньне, забірае прага… Пара ўжо, нарэшце, сказаць рашучае слова… Праўда, і дома я дарам не праседзеў…

— Шша-а!..

Міхась суняў Рыгора.

— Ты цішэй… Пара прысьпела падаць голас — падавай. Напіраюць злучанымі сіламі капіталісты і ўрад. Пачулі нядобрае для сябе… А калі напіраюць, то ня гнуцца-ж самохаць!

— Пэўна, у трубу сагнуць… Падумаць толькі, да чаго дашло. Хоць-бы ўзяць вёску — выказаць нельга, што там чаўпецца! Вураднік, старшыня, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Не адгукніся, не абзавіся, слова ня вымаў — усё аглядайся, усё бойся. Маўчы, як нямы. Але, ня маўчаць, а чакаюць, што горад скажа, што мы тут пастановім.