Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, я зайду сюды, — сказаў Міхась: — і калі спраўлюся хутчэй цябе, то пачакаю пры дзьвярох.

Рыгор павярнуў у другі бок, заламаўшы направа. Якраз яму пашанцавала: канторшчык, да якога ён меў справу, за хвілю перад ім адпусьціў апошняга чалавека і тут-жа справіў Рыгораву прапіску. На гэту цырымонію пашло ня больш пяці хвілін, і калі Рыгор падышоў к дзьвярам, то яму самому прышлося пачакаць Міхася каля чвэрткі гадзіны.

— Бачыце, я скарэй вас; вы нешта доўга разважалі, — праказаў Рыгор падышоўшаму да яго Міхасю.

— Грашовая справа ня так лёгка робіцца, — адказаў той. — Ну, а цяпер ты куды? — запытаў ад сябе Міхась.

— Пэўна, дадому, а па дарозе паабедаю. А вы?

— А мне трэба сьпяшыць дадому. Давай, правядзі мяне да перавозу.

— Добра, якраз я сам меўся тудэю ісьці.

Яны вышлі на заводзкі двор, перасеклі яго ў кірунку да Каралявай будкі і прыпыніліся. Караль ня даў сябе доўга чакаць: хутка выбегшы з будкі, ён машынальна ўзяў пад казырок і адчыніў ім дзьверцы.

— Заўтра, нябось, абое прыдзеце на работу? — запытаў іх і жартліва дадаў: — няма чаго траціць часу.

— Ото-ж і ёсьць, — разам адказалі Рыгор з Міхасём.

Але стук дзьверцаў, якія тут-жа зачыніў за імі Караль, скралі іх словы, і стары моўчкі шмыгнуў назад у сваю будку.

Рыгор з Міхасём азірнуліся і павярнулі ў той бок, з якога Рыгор ішоў на завод.

Ім аставалася прайсьці да прыстані каля вярсты. Рыгор не хацеў траціць часу, і толькі яны адышліся крокаў з дзесятак ад заводзкае брамы, як ён хутчэй пасьпяшыў завесьці гутарку.

— Дык вы паўней паведаміце мяне аба ўсім?

— Абавязкова… — Міхась навакол азірнуўся: — вось што, брат: надоечы папярэдні дэлегацкі сход ад фабрык і заводаў вырашыў баставаць. Нельга, бачыш, прапусьціць гэткага выдатната моманту, які склаўся цяпер. Абурэньне ў рабочых гушчах паднялося высока. Усе, як адзін, з жалезнаю рашучасьцю настроены протэставаць супроць суду над бальтыцкімі і кронштадзкімі матросамі. Вось на днях павінен адбыцца паўторны станоўчы сход дэлегатаў, каб намеціць дзень абвя-