Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вою радасна скавычучы, сабака пачаў церціся каля Васілёвых ног, нюхаць яго і лашчыцца. Васіль некалькі разоў пагладзіў яго па галаве, пахваліў за тое, што ён ня сьпіць ноччу, а старэнна і пільна сьцяражэ хаты, потым увайшоўшы ў сенцы, адламаў ад бохана кавал хлеба, і пачаставаў ім Ніца. Сабака ўзьдзячна завіляў хвастом, хваціў у зубы хлеб і адбегся к плоту.

Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, разьдзеўся ўпоцемку, і ўлёгся спаць.


III

ЛАЖУЧЫСЯ, ЗОСЯ ЗУСІМ НЕ ХАЦЕЛА СПАЦЬ і мо’ цэлую гадзіну варочалася на пасьцелі: ёй перш рабілася горача, утомна і млосна, і яна здымала з сябе дыван, расшпільвала на ўсе гузікі сарочку і адгортала голае цела, белае, як крэйда і чыстае, як тая-ж крэйда. У галаве снавалі тёмныя, незьясьнёныя думкі, у вачох луналі мары. Калі зьнятая апранаха ня зьлегчвала душнаты і ўтомы, яна падымалася з пасьцелі, падыходзіла к вакну, прачыняла яго крыху і чакала пакуль халадок ня пройдзе целам.

Знадворку цягнула сьвежым, лёгкім і апойным паветрам. Зосі рабілася лёгка і прыемна…

Зося ўжо на золку адыйшла апошні раз ад вакна і лягла з намерам, каб заснуць. Праўда, сон ужо яе пільнаваў і толькі яна сьцішылася, як разам апутаў яе сваімі моцнымі, апойнымі кайданамі. Зося смачна заснула і, нават, не агледзелася, як шпарка прамчалася ноч.

І вось, калі маці на заўтра раніцою стала яе будзіць, Зосі так не хацелася ўставаць, так цяжка было расставацца з пасьцельлю, што, здавалася ёй, яна-б няма-ведама што дала-б за лішнюю хвілінку, за адзін квадранец, каб яе пусьцілі паспаць. Але трэба было прачынацца і ўставаць. Зося, пазяхнуўшы разоў пяць, салодка пацягнулася, потым швыдка саскочыла з пасьцелі, памылася, адзелася і пачала зьбірацца ў поле.

Хоць было яшчэ зусім рана, але Міколы ўжо ня было ў дому: ён раскатурхаўся з досьвітку і задаўна да ўсходу сонца адправіўся ў Масткі карчаваць пасеку, каб пасьпець к восені прырыхтаваць яе пад жыта. Зосі самой прышлося зьбегаць на прыгумень па каня, прывясьці яго на двор, запрагчы, прыгатовіцца