Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта падатлівасьць. Трэба быць цьвёрдым, непадатным, упартым, тады шмат большага дасягнеш. Вы яшчэ маладыя і можаце загартавацца, выбраць правіловы шлях, пакуль ня позна. Ваш брат, рабочы, ужо зразумеў, у чым крыецца непарадак жыцьця, і прабуе павярнуць яго на інакшую сьцяжынку. Вось, паглядзі, хоць-бы перапёкі: забаставалі і трымаюцца цьвёрда і ўпарта…

Рыгор паглядзеў Каралю ў вочы.

— Ласьне перапёкі ўжо забаставалі?

— Бастуюць, ужо колькі часу, амаль ня тыдзень. Кажуць, арыштоўваюць іх, ловяць па горадзе і за горадам на сабраньнях, а яны стойка трымаюцца на сваім, ані кроку назад. І малайцы, скажу я, малайцы. Я дарую ім тое, што праз іх забастоўку падаражэў хлеб — няхай сабе; менш чвэрткаю ў дзень зьем, але затое ведаю, што гэтым памагаю людзям дамагчыся палягчэньня свайго становішча. Трэба-ж супольна вясьці змаганьне з гаспадарскім уціскам. Годзе паддавацца панскаму гвалту: перамаглі ў пятым годзе, дык думаюць гэта працягнецца на соткі гадоў. Дарма! У пятнаццатым ці ў дваццатым шчасьце можа адвярнуцца… І я табе скажу, Нязвычны, што ўсё залежыць ад вашае, рабочых, злучнасьці: вось бастуюць перапёкі, муляры, а да іх патрэбна прылучыцца ўсім заводам і фабрыкам. Каб нідзе ні дымку, каб нідзе ні стуку; і так горад за горадам. Нябось, нядоўга спрачаліся-б! Па адным ці невялічкімі грамадкамі могуць перамагчы, а будзь усе зьяднанымі ды дружна наступам паведзены — тады зусім інакшыя песьні пойдуць. Мо’ няпраўду, думаеш, кажу?

— Вядома, што так, гэтак і павінна быць, гэтак і будзе. Вось пачакайце крыху — толькі момант падыдзе. Нам, рабочым, нечага губіць, апроч свае няволі, — падмацаваў Рыгор.

— Братка Нязвычны, — прыцішаным голасам вымавіў Караль і пільна аглядзеўся вакола сябе, прыслухаўся ў бок брамы: — ужо фабрыканты запалоханы: — пэўна, ведаюць і чуюць, чым гэта можа скончыцца для іх. Шэпчуцца вось і нашы дырэктары ўвесь час, а ў горадзе — дык багацеі адкрыта гавораць, што магчыма другая рэволюцыя. Я пільна прыслухоўваюся і чую…

Караль зрабіў маленькую маўчанку.