Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і край зусім інакшы, і людзі іншыя… У многіх мясцох быў, а там не давялося быць ні разу… Радавалася, вядома, матка твайму прыезду, га? Два гады ці болей ня быў удому, ды дзіва, што ўзрадуецца! Эх, дзеткі, яшчэ-б ня радавацца! Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі пры вашым выгадаваньні, столькі пакуты пераносіцца, пакуль вас у людзі вывесьці, а выведзеш у людзі, паставіш, як той казаў, на ногі — дык і бывай здароў дом і бацькі. Я ведаю, сынок, гэта, добра ведаю; на сабе перажыў… Што-ж зробіш з вамі, ветраноснымі! Толькі ўспадзе вам у голаў якая думка: на ўстрэм ваччу несяцёся вы з ёю ў туманную далячыню. Ці-ж можна вас утрымаць! Так і вырываецеся з рук, як распуджаныя жарабяты, толькі боль паплыве па бацькаўскім сэрцы да горнасьць сьцісьне асірацелую душу… Пэўна, думаю, маці твая ня песьні пяяла, калі праводзіла цябе назад у Рыгу, га? Раўчаком, нябось, ліліся сьлёзы з ачэй старое, цягнуліся рукі за табою, ды што-ж, за фалды ня ўчэпішся! Едзеш — едзь, яшчэ блаславеньне паслала на дарогу… А сэрца на вугаль счарнела, а ўсе жылы на дрот згартаваліся. Ці няпраўду, мо’, кажу, га?

Рыгору рупіла хутчэй заявіцца ў кантору, каб прапісацца ў пору, і ён адхіляўся ад гутаркі з Каралем, павяртаючыся ў варотцы. Караль-жа ні на чога не шманаў, увашоўшы ў гутарку, і пільна глядзеў Рыгору ў вочы, размахваючы рукамі і часта прытупваючы нагамі!

— Прамігнуў час маланкаю, — цягнуў далей гутарку Караль: — і глядзіш — ты ізноў на заводзе. Пэўна, і дома быўшы, чуў яго шолам. Спаў і чуў. А я, вось, прывык. Сяджу і нібы-то той: гадамі сяджу. Ні ў госьці, ні на пабыўку ня іду, бо няма куды і няма да каго. Няхай гудзіць, хутка загудзіць у магілу — тады будзе і спачынак, і пабыўка. Яшчэ год, яшчэ год — і бывайце здаровы завод і людзі, і весь сьвет… Не шкадую, ведаеш, нізваньня; бо куды-ж, сапраўды кажучы, гэтае жыцьцё? Навошта яно годна! Гадамі сядзець ля парога, як той сабака, і пільнаваць чужое дабро… Чаму і што яно ўсё так склалася — не разьбяруся, хоць і чую вялікую няпраўду і вялікі непарадак. Але ўжо неяк уцягнула цябе, прыбіла тваю сілу і супярэчнасьць, і вось, сядзіш пакорліва, падаешся ва ўсе бакі, куды цябе схіляюць… Не, брат, Нязвычны, ня раджу я табе быць такім, як я, рахманым і падатлівым: ні да чога не прывядзе