Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А думаеш, на нашым заводзе ўсё ціха? Не патурай; вось надоечы я чуў, як Артур Цьвібель з Міхасём Камаром размаўлялі: насьпяе браток, нешта цікавае, насьпяе…

Караль многазначна паківаў галавою і зрабіў крок назад.

— А ласьне Міхась Камар ня выехаў на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.

— Не. Толечкі, вось, ён прашоў на завод. Нават пра цябе запытаў, ці не вярнуўся…

Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Скалануўшыся ўсёю старэчаю постацьцю, як перапуджаная авечка, ён пасьпешна кінуўся ў двор заводу. Рыгор пашоў усьлед за ім. Ля варотцаў яны абудва спаткаліся з двума суб’ектамі, ні то канторшчыкамі, ні то дырэктарамі, якія, раскурваючы гаванскія цыгары, аб нечым пільна гутарылі. Стораж пакорліва з-за вушака паціснуў леваю рукою варотцы, а сам падаўся ўсім целам назад, каб даць начальству прасторна выйсьці на вуліцу.

Рыгор, адмеціўшы гэта, злосна скрывіў твар і хутчэй адышоў у бок, павярнуўшы к канторы. Каб прайсьці ў яе, трэба было перарэзаць наўскасяк увесь двор: кантора знаходзілася ў заднім корпусе заводзкага будынку, хаваючыся ад двара за высокую тыльную сьцяну.


V

РЫГОР, НЕ АЗІРАЮЧЫСЯ, ПЕРАСЕК ДВОР і хутка апынуўся перад ганкам канторы. Паднімаючыся к уваходу, ён нечакана пачуў ззаду сябе ціхі вокліч і абярнуўся назад: з-за сьцяны заводу, таксама ў кірунку да канторы, ішоў Міхась Камар — яго добры знаёмы, таварыш па цэху і настаўнік па практычных ведах політычнага руху.

Рыгор спыніўся на пятай ступеньцы ганку.

— Га, здароў, сябар! — уголас прагукаў Міхась да Рыгора, працягнуўшы яму руку і зрабіўшы шырокую цёплую ўхмылку на твары.

У адзнаку свае павагі да Міхася, Рыгор саступіў на дзьве ступенькі ніжэй, ухіліўся перад ім і горача паціснуў яго руку.

— А вы, ласьне, ня езьдзілі на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.