Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор паглядзеў у вакенца варотцаў і ўглядзеў у ім маршчыністы, худы, абросшы рэдкаю бародкаю твар стоража заводу — старога латыша Караля:

— А, гэта ты, Нязвычны? Ужо вярнуўся з пабыўкі?

— Як бачыш.

Караль за доўгую службу на заводзе пасьпеў налаўчыцца добра памятаваць у твар, а то і па прозьвішчы, амаль ні кожнага рабочага. Трэба было яму раз-другі ўгледзець любога навічка, пачуць яго імя ці прозьвішча, як ужо Караль памятаў. З некаторымі рабочымі ён блізка знаёміўся, суседкаваў і кожны раз пры стрэчы з імі кідаўся ў гутарку, стараўся ладзіць у абыходжаньні, услужваць, дзе і калі трэба. У ліку апошніх быў Рыгор. Караль хутка асвойтаўся з ім, палюбіў яго і адносіўся да яго з пашанаю. У выпадках, калі Рыгор пазьніўся на работу, а дошка з нумарамі рабочых замыкалася, Караль прапускаў яго, браў сабе нумар і цішком падвешваў на дошку. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з заводу ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Пры ад’езьдзе Караль шчыра разьвітаўся з Рыгорам і надзяліў яго багатымі пажаданьнямі на дарогу.

Угледзеўшы Рыгора зараз, ён хутка адчыніў варотцы і вышаў на вуліцу.

— Глядзі, як хутка прамінулася твая пабыўка, — з некаю спагадаю праказаў стораж.

— І ня ўгледзеў нават, — адказаў Рыгор: — заўтра вось ізноў на завод, ізноў за напільнік ды молат.

— Ой, бяжыць, дзеткі, час, бяжыць з ім і наша жыцьцё, — заматаў галавою Караль, забыўшыся пра завод і няпрычыненыя варотцы: — ці ў дабры жыве чалавек, ці паганае яго жыцьцё, з аднакавым рухам яно нясецца. Вось так і весь век прамігне — азірнуцца не пасьпееш, як апынішся на парозе магілы. Ці даўно я астаўся на гэты завод, а глядзі — хутка пятнаццаць год міне, як я на ім служу. А ўсё, што прышлося пабачыць і пачуць, як маланка бліснула — бліснула і згасла назаўсёды… Так, так, не перайначыць ужо людзям гэтага: як напісалася спакон веку, дык і ідзе адным, роўным простым шляхам, няўхільна, непаваротна… Што-ж — няхай ідзе! Ці няпраўда?.. Давай, паведай хіба, як і што ты пражыў удому. Нябось, там у вас, пэўна,