Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

контраст між вольным размахам вадзяное стыхіі і абмяжованым, сьцісклым, прыдушаным тоўстымі сьценамі, заводзкім рухам.

Чым бліжай ён падыходзіў к заводу, тым паўней выдавалася яго жыцьцё, зьлітае ў магутныя стукі малатоў, у бразг жалеза, у сьвіст і траскатню паравікоў. Медны імпэт яго, прамагнічаны некай крэпкай сілаю прыцягненьня, захопліваў Рыгора цалком, як вір, укручваў яго сабою і ачула цягнуў у завод. Помеж з жалезнаю сілаю, яму хутка пачалі чуцца ў яго стуку і бразгу прыемныя ноткі знаёмай музыкі, якія ўскаралі яго хаду, утуравалі цьвёрдаму ступу ног і паважнаму цюканьню сэрца. Думкі як быццам-бы аддзяліліся ад кіраўнічага цэнтру і перадаваліся ва ўладу гэтай музыцы.


IV

РЫГОР ПАДЫШОЎ да заводзкага тыну з высокіх, падгостраных уверсе дошчак і, у дадатак, убранага калючым дротам, аглядзеў яго ўсьцяж і ўверх і накіраваў да брамы. Цяжкія, жалезныя вароты, ухарошаныя рысункамі і дзьвюма галавамі ільва з чыгуннага ліцьця свайго вырабу, стаялі надзейным вартаўніком ад уваходу пастароньніх людзей; аднак, ня гледзячы на гэта, на шуле брамы выглядаў выразаны з медзі надпіс:

«Пастароньнім уваход забараняецца».

Рыгор адняў вочы ад жалезных варот і абярнуўся да бакавых варотцаў з маленькім акенцам, праз каторыя звычайна ўваходзілі ў завод рабочыя. З боку гэтых варотцаў, пры тыне, які ўгінаўся на гэтым месцы, стаяла невялічкая двухмясцовая лаўка. «Ці ісьці, ці не?» усумніўся Рыгор, і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы, вырашаючы. Да гэтага моманту, праз усю дарогу, яму не давялося паставіць перад сабою гэта пытаньне і зараз для яго было яно нечаканым. Але, абдумаўшы і ўзважыўшы яго, ён рашыў пайсьці ў кантору і заявіцца аб звароце з пабыўкі.

Падышоўшы к варотцам, Рыгор крануў за ручку і забразгаў. Мігам з акенца пачуўся голас:

— Хто там? Чаго трэба?..