Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачуцьцём, а ня думкамі: цягнула да сну — ён спаў, захацелася адзявацца, пасьля ўмывацца — ён прыняўся за гэта. Толькі тагды, калі ўжо адзеўся і разоў з дзесятак прайшоўся па пакоі, завярцелася думка і паднялася сьвядомасьць, якая падказала яму намаляваць цэлы плян сёньнешняга дня. З гатовым плянам Рыгор і вышаў а першай гадзіне на вуліцу.

На вуліцы было душна: сонца паліла не шкадуючы і да таго нагрэла брук, цэглу дамоў і асфальт тротуараў, што ад іх нясло, як з печы. Цяжка было сапці і не хапала паветра, каб задаволіць прасмагшыя грудзі. Рыгор перашоў на ценявы бок вуліцы і памаленьку прашоў да знаёмае кавярні, дзе ён заўсёды сьнедаў. У кавярні, куды ён завярнуў, было шмат халадней і прыемней. Але чамусьці ў ёй было зусім нямнога людзей. За адным столікам, каля буфэту, сядзеў некі сярэдніх гадоў мужчына за бутэлькаю сэльтарскае вады, а насупроціў, у кутку — двое дзяўчат, значна падбеленых пудраю, у памятых капотах. Яны паглядзелі на Рыгора пры ўваходзе ў кавярню і раз-па- разу кідалі на яго бессаромныя ўзрокі. За буфэтам сядзела знаёмая яму буфэтчыца, сымпатычная дзяўчына, трымаючы ў руках кніжку. Рыгор папрасіў сабе шклянку гарбаты, францускую булку і чвэртку каўбасы, спакойліва, не сьпяшаючы пасьнедаў і, даўшы «бывайце здаровы» буфэтчыцы, вышаў.

Ня гледзячы на духату, на вуліцы кішмя кіпела жыцьцё: шнурком беглі тротуарамі ў адзін і ў другі бок людзі, клапатлівыя, ня маючы вольнае хвілінкі, з портфэлямі, з палачкамі, з папкамі. Сярэдзінаю, па бруку, шмыгалі самакаты, гуськом цягнуліся ламавікі, на перадкох, запрэгшыся, як жывёла, плішчыліся ручныя перавозчыкі паклажы, спрытна вывіваліся сярод іх вэлёсыпэдысты. На рагох вуліц, пры ліхтарох, а то на падаконьніках магазынных вокан стаялі і сядзелі чорныя забруджаныя грузіны, ваксоўшчыкі абутку, і ўпярэмешку чырвонагаловыя пасыльныя. Ім, пэўна, ня было душна ад сонца, загартаваўшага іх загарэлыя твары і прагрэўшага да апошняе жылкі іх вытрывалыя постаці; таксама яны былі прывыклымі ўжо і да смуроднага пылу, які згушчаў сабою паветра і прасочваўся дыханьнем у лёгкія. Характар работы прывучыў іх да вулічнага шуму, да нэрвовага гарадзкога руху: хай сабе пячэ сонца, хай падымаюцца слупы пылу, а ім трэба стаяць на сваім месцы і чакаць, зазіраючы ў вочы праходжым, пакуль каторы з іх