Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хто-ж бы там быў? — зьдзівілася Вільгэльміна і, не зачыніўшы дзьвярэй, выбегла з Рыгоравага пакою.

Рыгор зачыніў за ёю дзьверы, матнуў галавою па адрасу работніцы і паглядзеў на гадзіньнік. «Ужо другая гадзіна», ні то зьдзівіўся, ні то проста праказаў ён.

На дварэ ўжо было ціха, толькі рэдкія глухія гукі даходзілі дзесь з-пад вакзалу, роўна заміраючы ў сьценах двара: у суседніх вокнах патухлі агні. Рыгор крыху пастаяў каля акна, пасьля прычыніў яго, занавесіў фіранку і пачаў зьбірацца спаць.


III

ПАСЬЛЯ ЎСЯГО ПЕРАЖЫТАГА і перадуманага ў зьвязку з дарогаю, Рыгор спаў, нібы апоены макам. Толькі лёг, як праз момант заснуў, не пасьпеўшы нават перавярнуцца на другі бок, як то ў яго было звычайна, і на адным баку праспаў да раніцы. Праспаў-бы, напэўна, бяз просыпу да гадзіны дванаццатае дня, каб акуратная Вільгэльміна роўна а палове сёмай не пастукала ў дзьверы. Рыгор ад стуку прачнуўся, падняў голаў і паглядзеў у акно; але спрасонку, ня прыгледзеўшыся, яму паказалася занадта рана, першае разьвідненьне, і ён зноў поылёг, нацягнуўшы на голаву коўдру. Несьвядома прамігнула гарачае прыемнае пачуцьцё, якое яму шапнула: «Пачакай, пасьпееш яшчэ напрацавацца», і сьледам безадгукнае парашэньне, — ня ісьці на работу да заўтрага». Заспакоены, ён хутка заснуў, глыбока і смачна.

У кватэры было ціха, нішто не перашкаджала спаць, і ён беспаварухна праспаў ажно да дванаццатае гадзіны дня. Гэтага было досыць, каб уволю выспацца, каб супачыць. І Рыгор прачнуўся бадзёрым, сьвежым. Падняўся з пасьцелі і ў аднэй бялізьне прашоў па пакоі. Пакой выглядаў некім нарадным і вясёлым, як ні разу да гэтага. Жывымі здаваліся карцінкі на сьценах, учора смутныя, запыленыя, выглядала пачышчанаю мэбля. Ён падышоў да акна, адшмаргнуў фіранку, прачыніў яго і глыбокімі дыхамі пацягнуў надворнага паветра і сонечнага сьвятла. Стала яшчэ бадзёрай, як-бы хто ўпусьціў у яго цела жыцьцядаўчы элексір. Рыгор сьціснуў кулакі, прарабіў гімнастычныя махі і раптоўна, адбегшыся зд акна, прыняўся адзявацца. Аб заводзе не хацелася і думаць; наогул, ён цяпер жыў