Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Васіль ухмыльнуўся і мягка адказаў:

— Адтуль, куды ты ідзеш…

— Ня можа быць.

— Я табе кажу.

Абодва весела расьсьмяяліся.

— У Зосі быў? — падказаў Янка.

— Такі і ўгадаў, — прызнаўся Васіль.

— Вось ці не лады такія-сякія ты прабаваў рабіць? — паджартаваў ізноў Янка.

— Ты ня сьмейся; так і думаў, толькі… заўсяголаў яны, — махнуўшы нядбайна рукою, адказаў Васіль.

— А чаму?

— А таму… гэта зараза, Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што… Бацькі, ведаеш, — та яшчэ можна зладзіць з імі, а яна — губу хмыліць…

— А знаеш?

— Ну?

— Дурніца яшчэ: не разьбірае нічога. А вось няхай толькі крыху пацешыцца тым голікам, тады зусім пераіначыцца. Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно… А, тым часам, ты падкочвай усё бліжай к яе бацькам, падгаварвай іх і… справа сама прыдзе да жаданага канца… Вось успомніш мае словы… Ня тужы толькі, ня жалуйся.

Васілю таварышавы словы так спадабаліся, што раптам разьвесялілі яго, разагналі ўсе чорныя думкі.

— Ды я мала зусім і клапачуся, — цьвёрда і рашуча адказаў ён Янку і прытупнуў нагою.

— А так і трэба, няпрыменна так, — пахваліў Янка, палопаўшы зьлёгку Васіля па плячу: — Ну, бывай, пара да хаты, віднее…

— Та пастой яшчэ крыху, — папрасіў Васіль, пераняўшы Янкаву руку і паціскаючы яе.

— Не, не магу. Дабранач! — разьвітаўся Янка і хутка схаваўся за вуглом Цішкавай хаты, якая шмат выпірала тыльнаю сьцяною на вуліцу, дзе пачынаўся ўклон.

Васіль паглядзеў усьлед таварышу, пастаяў крыху і пачаў спускацца к рэчцы, цераз якую была паложана кладка якраз супроць вешніц у яго двары.

Калі Васіль падыйшоў к вешніцам, насустрэч яму выбег яго любімы сабака, Ніц. Весела і прыветна матаючы хвастом і гала-