Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жала перад яе вачыма, ды адышла ад вакна. «А трэба такі лажыцца спаць», рашыла яна, разьдзеўшы верхнюю вопратку да апошняе сарочкі, і лягла ў ложак.

Палоса срэбнага сьвятла расьцягнулася ад вакна да парогу.


II

КАЛІ ВАСІЛЬ, сам ня свой ад злосьці і гневу на Зосю, вышаў з двара Прыдатных і павярнуў да хаты, ужо ўсё спала, і на мястэчку панавала поўная ціша. Апусьпіўшы к зямлі голаву, ацяжэўшую ад няпрыемных нагальна-рупных думак, якія радзілі ачамерны клопат, ён ціха, гультайна клыпаў вуліцаю. Уся прыгожасьць майскай ночы, якая варажыла Зосю, здавалася, яго зусім не трывожыла сваім дзіўным хараством, не датыкалася яго пакрыўджанай душы. І па праўдзе: для чаго быў яму той, прышпілены к цёмнаму небу, белы, няцэлы ’шчэ, сярэбраны месяц, што плыў якраз над яго галавою між тысячы рэзвых, мірглівых зорак, большых і меншых, ярчэйшых і цямнейшых? Да чаго яму гэта цёмнае неба, аграмадным парасонам разгорненае над красуючай у зеляні і квятох зямлёю? Нашто яму было ўсё гэта, калі Зося, тая самая Зося, на якой сходзіліся ўсе яго думкі, усё пачуцьцё, якая не давала яму спакою ні днём, ні ноччу, так сярдзіта, так непрыстойна абышлася з ім! Ня дзіва, што перад ім паўстала гардлівае надменнае пытаньне: «Няўжо я такі самы чалавек, як і ўсе людзі, і нічуткі не важнейшы, нічуткі не ляпейшы за другіх — ну, хоць бы за гэтага самага галадранца, басяка Рыгора? І чаму гэта сьвет так збудованы, што людзі ня могуць ацаніць мае вартасьці?»

Васіль нездавольна ківаў галавою.

Ацяты клопатам, ён няпрыкметна для сябе дайшоў у канец вуліцы і толькі пачаў спускацца з узгорку, ад якога мо’ за паўганоў — ня болей стаяла яго хата, яшчэ зусім новая, ашаляваная дошкамі, убраная для вакон, у шчытку і на капяжы пекнаю рэзьбаю і акрытая жоўтаю смалістаю гонтаю, — як раптам, зусім неспадзявана, спаткнуўся з Янкам Грыбам, каторы варочаўся дамоў, як потым Васіль даведаўся, правёўшы да хаты Дзёміну Мар’ю.

— А, як маешся, Васіль? — жартоўна агукнуў ён Васіля, — адкуль так позна клыпаеш?