Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пазірала на Рыгора. Сёмка ўпарта паглядзеў на дзяўчыну і ўлавіў у нарысе яе твару вялікае падабенства з Зосяю; тыя-ж сінія валошкавыя вочы, сярэдні роўны лоб, прадаўгаваты нос, адпавядаючы гэткаму-ж твару, чыстыя, з лёгкім ружам, шчокі, поўныя чырвоныя губы пекна выразанага няшырокага роту над прадоўжным падбародкам; той-жа, заўсёды мілы, жывы, нястухаючы пераліў чуць прыкметнае, але палкае, цягучае, вабячае ўхмылкі. Уся постаць яе, як вымалеваная мастаком, выглядала лёгкай, паветранай; ад дзяўчыны нясло здароўем жыцьцярадасьцю. Сёмка міжвольна заглядаўся на яе, адцягаючыся думкамі ад усяго іншага, што хвілю назад цікавіла яго. Ён ня мог адвярнуцца, не зважаючы на няёмкасьць, якую, відаць было, адчувала незнаёмка, прыкмеціўшы ўпарты Сёмкаў узрок. І толькі, калі дзяўчына адвярнулася ў другі бок, Сёмка апусьціў вочы.

Брудная будзённая адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар, вясковая прастата і непаваротнасьць, якія выступілі перад ім, засаромілі Сёмку: ці не падмеціла толькі гэтага дзяўчына і, гледзячы на яго, ці не сьмяецца толькі ўнутры сваім?

Сёмка паглядзеў на Рыгора і чапіў яго за руку.

Той адвярнуўся на Сёмку.

— Зірні толькі, Рыгор, налева, — сказаў Сёмка на вуха таварышу, — вунь сядзіць Зося, точ-у-точ.

Рыгор крута павярнуў голаў і стрэўся з узрокам суседкі.

Яе падабенства на Зосю міжвольна кінулася яму ў вочы.

— А што? Мо’ няпраўда? — запытаў Сёмка.

— Праўда, настаяшчы дубальт, але, здаецца, куды прыгажэйшы, — адказаў Рыгор: — цікава, куды яна едзе? Вось, ды каб у мой бок!

— Запытай, — парадзіў Сёмка.

— Трэба, — згадзіўся Рыгор і павярнуўся да дзяўчыны.

Сёмка настаражыўся, і ўвесь — адна цікавасьць — чакаў, як пойдзе гутарка між Рыгорам і незнаёмаю дзяўчынаю.

— Выбачайце, вы далёка едзеце? — далікатна, ціхім голасам запытаў Рыгор.

Дзяўчына здаволена ўсьміхнулася і ахвотна, сьмела адказала:

— Да Рыгі. А вы куды?

Яна павярнулася к Рыгору.