Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык давай заскочым; папытаем, калі пэўна ідзе машына і як толькі ёсьць у нашым распараджэньні якіх мінют пятнанцаць — дык і вып’ем гарбаты ды перакусім.

Сёмка прыпыніў каня і ўзьбег на ганак старога, з уціснутымі ўнутро сьценамі будынку, і пастукаў у дзьверы.

Дзьверы былі запёртымі.

— Сьпяць, мабыць, — сказаў Сёмка.

— Пастукай мацней: агонь-жа сьвеціцца.

— Па звычаі агонь… Што-ж, паедзем на станцыю і там знойдзем гэткага дабра, як гарбата.

— Ды вядома што.

Сёмка зьбег з ганку, улез на воз і пагнаў каня.

Ад карчмы пачыналася брукаваная дарога. Каля станцыі іх нагнала некалькі хурманак, якія таксама сьпяшылі на машыну. З кашалямі на руках, пакрытымі бруднымі хусткамі, заспаныя, ішлі туды-ж сельскія жанчыны з булкамі і піражкамі. Усё гэта прыдавала ажыўленьне, паказвала клапатлівасьць, рух і ўплывала на хлопцаў некаю асабістаю руплівасьцю, нязнанай і чужой мястэчку. Рыгор адразу аднавіў перад сабою дух і пэнт гарадзкога жыцьця, ужо добра вядомага яму; Сёмку-ж гэта было нова і цікава, як новае. Далей Ліцку ён яшчэ не трапляў, і Ліцк кожны раз, калі-б ён ні прыяжджаў у яго, выклікаў асабліва рэзвы і жывы настрой, некі ўздым і бадзёрасьць.

— Ведаеш, люблю я гэткае ажыўленьне, як тут, — абярнуўся Сёмка да Рыгора: — каб і хацеў памарудзіць, дык нельга.

— Не пасілцоўскаму; тут ужо горадам крыху папахвае.

— Ну, там, пэўна, у некалькі разоў усё гэта шумней і цікавей?

— Вядома што; тут маленькая, не вузлавая станцыя, а і то, як бачыш, усё так і рупіць, і рухае.

Гутарачы, яны ачуліся каля станцыі. Забруджаны гноем і саломаю вялікі калястанцыйны пляц выглядаў рынкам, на якім вось-вось хутка адчыніцца кірмаш. З правага боку, ад садку станцыйных служачых, пры рэльсавых парэнчаў у шэраг стаяла некалькі дзесяткаў сельскіх падвод і рамізьніцкіх каламашак. Ля некаторых з іх стаялі падводчыкі — другія-ж былі пустымі, бяз нікога. Сёмка пад’ехаў к бакавой падводзе з левага боку і спыніў каня.

— Точка, — праказаў ён да Рыгора і зьлез з воза.