Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

больш важнейшай дапамогі не магу ёй зрабіць… ды то, прыдзецца, пасоблю і большым чым. Тут-жа недалёк — кожны дзень бачымся. Так што, браток, аб гэтым не клапаціся.

— Вельмі дзякую табе.

Яны праехалі яшчэ з гадзіну часу; да Ліцку аставалася зусім нямнога; яго блізасьць выразна дапамінала аб сябе. Спускаючыся з узгорку, на крутым павароце гасьцінцу, да іх данёсься рэзкі зацяжны сьвіст цягніка. За сьвістам пачуўся глухі лопат выпускаўшага пар паравоза. А калі гасьцінец зьвярнуў улева, адразу паказаўся бляск пабляднеўшых ліхтароў; падымалася ўгору высокая цёмная вадакачка, нібы стараючыся падглядзець усход сонца.

Рыгор кінуў думаць, прыпадняўся на месцы і ўперыўся вачыма ў бок станцыі.

— Вось і прыяжджаем, — з лёгкім хваляваньнем выказаў ён.

— Сяк-так дабраліся: усяго чатыры вярсты асталося.

— Скора прыехалі.

— А чаго-ж там! Каб паганялі каня, то прыехаліб яшчэ хутчэй.

— Няма чаго сьпяшацца; і так прыдзеца яшчэ чакаць цягніка.

— Ну, сапачынеш крыху; усё-ж стаміўся як-ні-як за дарогу; гадзін з сем папатрасьліся, нябось.

— Дзе там супакой той! Прыехаўшы ўжо супачыну… Ну, а ты, Сёмка, зараз-жа і назад?

— Вядома, чаго-ж бавіцца! Да гадзіны другой вярнуся, дык яшчэ ў мяне добры кусок дня ў запасе.

— Так… Пэўна… Дык, вось, Сёмачка, — Рыгор патрапаў таварыша па плячы: — як толькі прыедзеш дадому, не забудзь забегчы да мае мацеры і сказаць, што мы заехалі добра… І суцеш яе там, хай ня вельмі гаруе…

— Добра, добра… Усё выпаўню…

Яны параўняліся з карчмою, што стаяла недалёка ад Ліцку.

— Можа хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора.

— Не, не ахвота: можа ты-б хацеў?

Сёмка паціснуў плячыма.

— Хто яго ведае, як тут быць.