Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка хапіўся за сотні ўзьюшаных думак і пытаньняў і адказаў:

— Ну, дык і быць па сяму, чакай, гатуй стрэчу, запасайся гарэлкаю, купляй самавар… З бацькам сваім я скора паладжу: ён у мяне чалавек уступны і разумее дзела. Абы якое пабочнае прыгоды ня здарылася… Прыеду і табе ліст прывязу ад мареры… а другі ад Зосі.

Рыгор сур’ёзна паглядзеў на Сёмку, нібы правяраючы яго словы. Яго ўзрок заставіў Сёмку аслабіць катэгорычнасьць сваіх завярэньняў і ён дадаў:

— Яно-бы, памойму, — ня толькі мне, а і многа каму з сілкаўскіх хлопцаў ня шкодзіла-б праветрыцца крыху за межамі свайго мястэчка. І калі, патвойму, ад мяне аднаго была-б карысьць, то ад пяцёх ці дзесяцёх яе было-б у некалькі разоў болей. Ня праўда, мо’?

Рыгор, было відаць, ня спыніўся думкамі на Зосі ці ўмела затоіў іх у сваім нутры, бо з тым-жа настроем адказаў Сёмку:

— Чаму ня праўда! Вядома, што так. А, думаеш, Пятрусю або Саўку ня варта было-б паехаць?

— Трэба, трэба. Добра разумею гэта.

Гутарку яны расьцягнулі да цёмнага і ўжо была ноч, калі яны ўехалі ў вёску Міжканаўе.

— Што за вёска мае быць? — запытаў Рыгор.

— Міжканаўе, пэўна. Знача, двананцаць вёрст будзе, — няўверана адказаў Сёмка: — Трэ’ папытацца, вунь, здаецца, нейкія падводы ля студні стаяць.

Якраз пачуўся скрып вочапу і стук каванкі аб зруб студні. Сьледам заіржаў конь. Рыгор паправіўся на сядзеньні, якое растраслося і ссунулася наперад, і паглядзеў на гадзіньнік. За цемнатою цяжка было разгледзець, колькі зараз часу. Рыгору паказалася, нібы гадзіньнік стаіць на адзінаццатай гадзіне ці крыху болей. Але ён не ўдасканальваўся: яму было ўсё роўна, раней ці пазьней на гадзіну будуць яны ў Ліцку. Машына адыходзіць на Вільню а чацьвертай гадзіне раніцы, значыць, яны пасьпеюць. А спаць на возе ніяк ня прымосьцішся. Ды, папраўдзе, Рыгору і не хацелася спаць. Сьвежыя ўражаньні расстаньня, ціхая цёплая ноч, цікавая сяброўская гутарка з Сёмкам — адганялі ўсякі сон. Да гэтага, Рыгор быў прывычан начамі ў дарозе ня спаць. Бывала, служачы балаголам, кожны