Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

найбольш тыдзень, каб сыйсьціся новаму чалавеку, каб пазнацца і стаць ня толькі знаёмым, а таварышам ці сябрам. З розных канцоў людзі, якія мо’ й ня думалі аб тым, што доля прывядзе іх спаткацца і стаць сябрамі… Цікава, браток. Я неяк хутчэй за другіх зжыўся з большасьцю рабочых свайго заводу. А да гэтага яшчэ партыйная справа, — і яшчэ больш новых людзей…

— Ты, вядома, таксама нясеш адпаведную працу ў організацыі? Цікава, ці многа ў вас людзей з’організавана?

— Я-ж табе казаў ужо, скора прыехаў: некалькі сот будзе. Ды, брат, хлопцы — адзін у другога. — Я ўпаўнаважаным ад заводу…

Слухаючы Рыгоравы апавяданьні пра горад, Сёмка адчуў у нутры казлытнае жаданьне — што, каб і яму пабываць у горадзе? Каб пачуць, як на гэта паглядзіць Рыгор, Сёмка запытаў:

— Слухай, Рыгор, а як-бы ты паглядзеў, каб у адзін дзень, зусім нечакана для цябе, нібы прымха якая, шусь я к табе на кватэру і «Добры дзень, Рыгор»?..

— Што рабіў-бы? — засьмяяўся Рыгор: — хутчэй-бы самавар на стол, зьбегаў-бы за поўбутэлькаю і закускаю і: «Сядай, Сёмка, нечаканы і неспадзяваны, але пажаданы мой госьць».

— Так. Нечаканы і неспадзяваны. Вось у гэтым і ўвесь сэнс, што неспадзяваны. Скажы папраўдзе, Рыгор, ты мабыць, зусім не спадзяешся, каб гэта магло стацца са мною, га?

— Што ты! Што ты гаворыш! Чым-жа я лепшы ад цябе? Як і я, можаш ты кінуць усё, сесьці на чыгунку і праз дзень у Рызе ці дзе ў іншым горадзе. Нават табе гэта яшчэ лягчэй зрабіць, бо да чыгункі можаш на сваім кані даехаць.

— Ну, ты, Рыгор, не жартуй: я ўсур’ёз такі думаю аб гэтым, — штосьці падзадорыла Сёмку.

— Ніякіх жартаў. Будзь ласкаў. Я таксама ўсур’ёз кажу. І больш таго, нават раджу табе гэта зрабіць: нічога ня згубіў-бы, павер. Вярнуцца да зямлі, да тваёй гаспадаркі — у кожны раз можна — не ўцячэ нікуды.

— Дык, патвойму, мне пабываць у горадзе? — яшчэ раз запэўніўся ў шчырасьці таварышавай парады Сёмка.

— Раджу, як свайму сябру.