Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у горад. З Зосяю — іначай: перажытыя хвіліны могуць не вярнуцца. І паколькі адчуваньне неўзваротнасьці шчасьлівых хвілін кратала яго сэрца, Рыгор меў прыемнасьць аглядацца на Сілцы і адчуваць утрату іх… Але і гэта пакрысе забывалася і траціла сваю гострасьць у параўнаньні з блізкім наступным: перад Рыгорам адчыняліся іншыя небасхілы: з-пад Ліцку, з-за Ліцку глядзелі на яго здані рознастайнага шумлівага жыцьця гораду, жыцьця, якое таіла ў сабе многа нечаканага, і таму цікавага для яго. А вось з яго віру выплывае раптоўна зусім нядуманае і нечаканае здарэньне і прынясе яму ў многа разоў глыбейшае сутрасеньне. Зося, маці… Яе плач, яе трывога, яе жаль… Усё гэта нязначна і дробна перад мажлівасьцямі наступчага!

Сёмка сядзеў побач таварыша, пашлёгваў пужкаю каня і не перашкаджаў яго думкам. Рухавая палавая кабылка, кругленькая, як яблычка, дагледжаная гаспадарным Сёмкам, нясупынна трухала дробным няспорным бегам, раз-по-разу зьвякаючы падковамі па каменьнях. У двух каляінках, у мяккіх мясьцінах — глыбокіх, а на цьвёрдых — чуць выбітых, каціліся ўподскак добра ашыненыя калёсы, нямерна трасучы лёгкі возік. То пералескі, то пасекі, то выбітыя стадам выганы, то сенажаці-паплавы, то рознакалёрныя ніўкі мігаліся паабапал. Сёмка цікавіўся росквітам летняй расьліннасьці, пары разбуханьня жыцьця, кіпеньня яго сокаў, і з гаспадарскай цікавасьцю падмячаў больш старанную апрацоўку тае ці іншае нівы — скутак дбайнасьці земляроба. Вынікала ў нутры чуць прыкметная незадаволенасьць к таму, што ў яго бацькі так скупа зямлі, такое мізэрнае гаспадарства, што нельга разьвярнуцца для выявы іх земляробскіх здольнасьцяй… На міжвольнае выяўленьне гэтага пачуцьця Сёмка адказваў самапапрокам, чаму ён ніяк ня можа канчаткова вызваліцца ад уласьніцкіх нахілаў, і пужліва правяраў сваю ўстойнасьць у соцыял-дэмокрацтве. Каб ня выдаць свае таямніцы Рыгору, ён чуць-чуць паварочваў голаў направа і акідаў лёгкім позіркам твар таварыша. І бачачы, што Рыгор сядзіць у раздуме ды зусім бясьцікаўна прапускае між сябе ўсё тое, што яго, Сёмку, цікавіць, дзівіўся і думаў. Пасьля, мяняў пагляд і разважаў так:

«То зразумела; Рыгор не гаспадар поля, не земляроб… Машыны, молат, абцугі — вось што прызначана яму. Аднаму — адно, другому — другое. Рыгор едзе ў горад і думае пра сваю