Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ДЗЬВЕ істоты, якіх паставіла жыцьцё ў розныя варункі, кожная з сваімі асабістымі пазывамі і жаданьнямі, якія дыхтавала ім найвялікшая ў сьвеце сіла — любасьць, аднэй — любасьць каханьня, другой — любасьць мацеры, — дзьве істоты, Стэпа — маці і Зося — каханая, адчувалі вялікую страту для сябе ў Рыгоравым ад’езьдзе. Тая і другая сваімі думкамі праводзілі яго ў далёкую дарогу, сваімі-ж сумненьнямі выказвалі баязьлівасьць, каб гэтыя праводзіны былі не апошнімі, каб толькі жыцьцё не назаўсёды зарасьціла паміж імі жаданых дарожак спатканьня. І дробкамі свае істоты як Стэпа, так і Зося цесна вязалі сябе з Рыгорам, сьціраючы ў сэрцы халодныя і цёмныя прагалы, што іх разьяднала соткамі вёрст.

А Рыгор, глыбока-ўражлівы, чулы сэрцам, лавіў нутром цёплае пачуцьцё блізкіх і любых сабе людзей і адзываўся ім бурным хваляваньнем аб утраце цёплае, зжытае еднасьці. Кожная вярста, аддаляючы яго ад Сілцоў, мяняла настрой, і паціху сум пакідаў, надыходзіла бадзёрасьць, тупілася гострасьць перажытку на разьвітаньні. Ужо ён сам, сьвядома, а не мімаволі, для цікавасьці, варочаўся ў думках назад, прабягаючы ўсьцяж мінулых перажыткаў. Сілцы, дзе ён рос, дзе пасьвіў каровы, дзе служыў балаголам — бач, браў навуку для чарствога жорсткага жыцьця, дзе загартоўваўся, — гэтыя Сілцы ўжо далёка адыходзілі ад яго, пакрываліся плеўкаю даўнасьці. Часова, у пабыўку, крыху расплылася гэтая плевачка і выразьней выявіла мінучасьць, падкрасіўшы яе адноўленым пачуцьцём спатканьня з таварышамі, з Зосяю… Так, гэта цешыла яго з асалодаю рэдкіх хвілін. Ну, а што датыча маці, Рыгор адчуваў — яе любасьць да сына, як і сынава любасьць да яе — ніколі ня ўбавіцца, не астыне. Ён магчыме прыяжджаць дамоў, сустракаць яе, горача вітацца; а мо’ здарыцца магчымасьць, і ён перавязе яе да сябе,