Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

машыну, пра фабрыку, пра напільнік, а я яго вязу і аглядаю палеткі, збожжа. У гэтым мы пашлі па розных дарогах. Я прывязан да зямлі, а яго носіць жыцьцё з канца ў канец. Адрывае ад дому і гоніць дзесьці за соткі вёрст у горад. Напэўна, трывожыць яго разлука і з маткай і з Зосяю: я ведаю Рыгора. Такі людны, такі зжыўны чалавек: на ім адбіваецца найменшае здарэньне, найменшы выпадак з самотнага жыцьця кладзе за ім вельмі выразную адметку. Шкода яму і Сілцоў, шкода і мацеры таварышоў, шкода і Зосі. Але іначай нічога нельга зрабіць, і Рыгор мусіць ехаць».

У сваіх разважаньнях аб таварышавым жыцьці Сёмка даходзіў да спагады к Рыгору і пачынаў шкадаваць яго. Але гэткі напрамак сваіх думак ён хутка перайначываў і, прымаючы іх за сваю слабасьць, мяняў свой узрок на Рыгора. «Не, — выводзіў Сёмка: — дарэмна я кажу, што Рыгору цяжка расставацца з Сілцамі, ён не такі чалавек. Ён створаны не для Сілцоў, — жыцьцё адчыніла перад ім шырокую дарогу. Сілцы — то-ж яны нам, прывязаным да загонаў, да сахі, а Рыгору — на ўсе чатыры бакі».

І Сёмку цешыла тое, што ён мае гэткага таварыша, як Рыгор, што ён такі блізкі к яму чалавек, так зжыты з ім на працягу доўгіх гадоў шчырага таварышкаваньня. Цешыўся і гардзіўся. І чым мацней разгаралася гэта пачуцьцё ў яго нутры, тым выразьней прабівалася жальлівая спагада наконт яго ад’езду з Сілцоў. Сёмку напрашваліся пытаньні — ці ўдасца, сапраўды, яшчэ калі-небудзь спаткацца ім, ці мо’ зложацца ўжо так умовы, што іх сёнешняе расстаньне будзе астатнім і пахавае сабою ўсе багатыя ўспаміны аб разам пражытым мінулым:

«Усё можа здарыцца. Дык хоць цяпер успомніць перажытае, абгаварыць сёе-тое адзін-на-адзін».

І Сёмка рашыў перабіць Рыгоравы думкі.

— Ты ўсё, мабыць, Рыгор, знаходзішся датэтуль пад уражаньнем перажытага расстаньня?

Рыгор крыху памаўчаў, пасьля цьвёрда загаварыў:

— Ня вельмі, ведаеш, каб гэта так глыбока. Ты сам, разумееш, што ў Сілцох мне няма месца. Няма — ужо так прышлося. І я ні на што за гэта не сярдую. Але, вось, тут другая закавыка — гэта пытаньне з мацераю. Адна, старая, бязмоцная. Ды…