Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кепска жывеш ты і ня лепш я жыву, — згадзілася Стэпа: — напэўна, думаю, і яшчэ ёсьць гэткія, як мы… Затое, вось, другія — хоць-бы Прыдатныя ці Берагі — за нас аджывуць. Бачыш, заняліся вясельлем і колькі гаманы пашло па мястэчку, якое цікавасьці вакола!.. Зьбіраюцца, бегаюць, закупляюць, носяць- носяць з рынку. Цэлымі начамі агонь у хаце. Могуць і ўмеюць праводзіць свае ўрачыстасьці… Не панашаму з табою…

— Вядома, каму-ж ня жыць, як ня ім: зямлі процьма, хлеба — па горла, грошы — не пералічыш… Кумаўство з начальствам, з папом. Другія на іх падрабляюць. Чаму-ж ня жыць добра у гэткіх варунках? Пакуль — жыцьцё іх сьвята.

Сафрона перабіў рэзкі сьвісток правяратага. Ён хутка ўсхапіўся з прызбы і заклекатаў бражджоткаю на ўсю вуліцу.

— Правяраюць. І аднаго разу не прапусьцяць, на іх ліха. Пайду, пакажуся, а то яшчэ аштрафуе, чаго добрага. Дабранач, Стэпа!

І Сафрон, старанна бражджучы, хуткім крокам, пашоў ад Стэпы, кірункам да рынку. Стэпа таксама ўстала з прызбы, паглядзела ўсьлед яму, паківала галавою і накіравалася к сабе ў хату.