Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зося правяла Вольку ў сенцы, вярнулася ў хату і маўкліва ўгледзелася у покуцьнае акно. Тэкля падбегла да стала, ухапіла кавалачак хлеба з-пад абруса і выбегла з хаты. Марта, нахмураная і злая, прымасьцілася ў запечку крышыць зельле.

Хвілін дваццаць у хаце было ціха. Пасьля Марта перарвала маўчанку, спакойліва запытаўшы Зосю:

— А ты-ж хаця ела што-колечы?

Зося не адказала.

— Чуеш, Зося, я да цябе: ты ела што? — выказала Марта.

— Не, нічога, — чорства адказала Зося, не адварочваючыся ад акна.

— То бяры, во, еж; я дам, чуеш, Зося? Хадзі к сталу.

Зося перш думала яшчэ паўпірацца, каб гэтым, як найгорш, дадзець мацеры, але тут-жа перадумала і нехаця, падкрэсьліваючы незаўважлівасьць да яды, падышла к сталу і моўчкі прысела. Марта адвярнулася ад зельля і падала Зосі сьнеданьне.

— Зьясі гэта, то яшчэ дам, — сказала пры гэтым.

І, крыху памаўчаўшы, дадала:

— А перад вечарам, дачушка, пайдзі ў палеткі ды назьбірай якое травы каню; бацька прасіў.

— Добра, — скрозь зубы адказала Зося, як-бы ня чуючы, аб чым яе маці просіць.

Але праз хвіліну яна раздумалася. «А і добра якраз; пайду ў траву не ў палеткі, а ў пасеку, к Ліцкаму шляху; мо’ і прыпільную, як будзе ён ехаць. Хоць здалёк, ды яшчэ раз гляну.

Гэта думка хутка цалкам завалодала Зосяю і захапіла усю яе увагу.


III

АД СЬНЕДАНЬНЯ да моманту, калі Зося сабралася ісьці ў траву, прашло некалькі гадзін. На выхадзе з дому яна забегла ў гарод і запытала ў мацеры:

— А дзе мне ўзяць мяшок?

— Вазьмі там, у сенцах на подзе… Ды не старайся ужо, дачушка, каб поўны нарваць; колькі знойдзеш, абы было на раз падкінуць каню, — спакойліва выказала яна дачцэ.

Зося нічога не адказала: забрала мяшок і вышла з двара.