Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты ужо, я бачу, нарабілася, а наша Зося кагадзе з пасьцелі. Бацька з ранку паехаў у лес па ламачча, а я сабе думаю, няхай Зося гадзінку лішнюю пасьпіць.

— А цяпер вам крыўда, — папракнула Зося і адвярнулася к акну.

Марта, як-бы хто яе штырхануў, падскочыла на месцы, замахала рукамі, зачырванелася ўся, як бурак, ды вокрыкам сказала:

— Бяда, Волечка, нам з ёю. Слова нельга сказаць: так і ўскіпіць, як смала на агні; ці робіш ёй лепш, ці стараешся для яе хоць-бы што; усё ёй нечага мала, усё ёй не дастае чагосьці… Чакай, галубка, — памахала Марта пальцам у бок Зосі: — пабачым, як будзе табе ў Берагоў; як Беражыха будзе табе дагаджаць. Ці дасьць табе Васіль гэткую волю, якую ты маеш у бацькоў…

Марцін крык напалохаў Тэклю; дзяўчынка адышлася ад Волькі, села на лаўцы каля акна і штосьці ціхутка замарматала сабе пад нос…

— Так, вас ужо загадзя цешыць, што Берагі мяне сьціснуць у кулак. Цешцеся!.. Мабыць, дзеля гэтае пацехі знарок і ўпіхаеце мяне у тое пекла… Няма чаго казаць, добрыя бацькі… Слухай, вось, сястрыца, — абярнулася Зося да Волькі, — пэўна, і твае бацькі тое робяць?

Волька маўчала: ёй было ніякавата слухаць хатнюю сварку; яна ўстала з месца і вышла на хату.

— Трэба ісьці дамоў, а то там без мяне нічога ня будзе, — і азірнулася на дзьверы.

Тэкля саскочыла з лаўкі і пераняла Вольку, хапіўшы яе за руку.

— Пагуляй, Волечка.

— Ды пагуляй!.. Вельмі, падумаеш, ты патрэбна у хаце. Так-то мацяркі бяз вас і не абыходзяцца ніколі, — суха вымавіла Марта.

— Дык, ведаеце, цётачка, ня то, каб не абышліся, але нешта мама сёньня нездарова; з самага ранку ляжыць.

— Ласьне? Што-ж гэткае з ёю? — спагадліва запытала Марта.

— А хто-ж яго ведае; на колікі ў баку скардзіцца, — адказала Волька і вышла з хаты.