Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На вуліцы было ціха: каля хат, на прызбах і сярод вуліцы ў пяску забаўлялася некалькі дзетак. Сталага — ня відаць было нікога.

Толькі апынуўшыся на канцы вуліцы, пры звароце да студні, Зося ўгледзела, як Волька чэрпала ваду. Асьцярожна, тулячыся к платом, яна падкралася да Волькі ззаду і нечакана для той выгукнула:

— Дзень добры!

Волька сумелася і раптам адвярнулася да Зосі.

— Зоська, ці-ж можна так! Зусім перапалохала ты мяне.

— Да мо’ не памраш? — жартам адказала Зося.

Волька перамяніла голас.

— Так, можа і выхаю сяк-так, — і, каб перамяніць гутарку, запытала Зосю: — а ты-ж куды гэта?

— А вось-маці паслала па траву.

— Ага! бачыш і сама клапатліваю стала, а то бо ўпікала мяне…

— Мяняецца становішча: рана ты, а зараз я…

— Апроч гэтага, табе, як той казаў, трэба на сходзінах папрацаваць на бацькоў: як кажуць, адрабіць за пабыўку ў іх, — пажартавала ў адказ Волька.

Але Вольчыны словы прыняла Зося зусім не за жарты: яны гостраю калючкаю прашлі ў яе сэрца.

— Ай, Волечка, табе жарты, а мне плач, — адразу пасумнеўшы прамовіла Зося: — сходзіны… Ты ведаеш, даражэнькая, што мне гэтыя сходзіны — у магілу сходзіны. Ня ведаю, як я перажыву іх, як прыміруся з імі… Ведаеш, сястрыца, працівілася я, упіралася, але сілы не старчае: да таго бацькі настроіліся, што ніяк ты іх не пераканаеш; гаварыцца не даюць. «Мы, — кажуць абое — дабра табе хочам, шчасьця і славы шукаем, а ты яшчэ працівішся». Шчасьце, слава, дабро! Ну і пераканай іх, калі хочаш… Прызнаюся табе, Волечка, — Зося сьцішыла голас і аглядзелася вакол: — доўга думала аб тым як-бы ўцячы; кінуць-рынуць усё — і хату, і бацькоў, і ўцячы ў горад, усьлед за Рыгорам. Але, падумай, галубка, што-ж я зрабіла-б там, каб чаго ня добрага, ды Рыгор адхіліўся ад мяне? І я так мучуся, так пакутую ў заблутаных рашэньнях і плянах, што ня ведаю, к чаму ўсё гэта прывядзе. Куды ісьці і на вошта рашыцца?