Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі, даражэнькая, цяжка…

Зося абняла Вольку аберуч, палажыла ёй на грудзі галаву і глыбока уздыхнула. Волька спагадліва паглядзіла таварышку па галаве.

— І так сталася, што нават і пабачыць нельга на ад’езьдзе; нельга палюдзку разьвітацца, — жаласьліва выказала Зося, стрымліваючы горнасьць.

— А ласьне, Зоська, ты яго ня бачыла з таго разу, як была з ім у хвойніку? — запытала Волька.

Зося адразу не знашлася, што адказаць. «Ці прызнацца мне ёй, ці схлусіць?» падумала сабе і як-бы сумелася ад свае думкі.

— Прызнацца табе, сястрыца, адзін раз сустракалася з ім, — нясьмелым і няпэўным голасам адказала Зося: — толькі то ўжо мінула, адышло… і так хочацца, каб яшчэ сёньня…

— Дык хадзем правядзем яго! Што там глядзець на розныя перасуды! Каго і што баяцца? Плюнь на усё, і хадзем. Га, Зося? — выспрабавала Волька таварышку.

— Ой, што ты кажаш! — зьдзівілася Зося: — як-жа мне ісьці, аброчанай, закантрактованай… Гэта-ж калі ўгледзіць маці ці бацька, дык жыцьцё атруцяць; спакою ня будзе ні днем, ні ноччу… Дзе ты бачыла, Волечка…

Стук дзьвярэй перабіў іх гутарку: Зося безнадзейна матнула рукою, нявесела усьміхнулася і, адступіўшыся ад Волькі, хапіла рукамі за косы.

— Трэба косы паправіць, — ні к чаму выказала яна: — а то, глядзі, і я на пудзіла нейкае падобна.

— Так, завяжы лепш у куклу; хоць табе, памойму, куды лепш прыстае каса.

Расчыніўшы дзьверы нарасхлест, клубком укацілася ў хату рэзвая, вяртлявая Тэкля.

— Дзень добры, Волечка! — пралепятала яна тоненькім пявучым галаском.

— Кінь патвораць, Тэкля, — пагразіла дзяўчынцы Марта, пераступаючы парог і здаволена сьмяючыся.

— Добры дзень табе, суседка! — з лёгкім жартам прывіталася яна з Волькаю.

Волька адказала засаб абедзьвюм.

Марта нядбайна кінула ўзрокам на Вольку і нехаця засьмяялася.