Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я маю справу…

Яны разам вышлі з хаты і адночас разышліся ў два канцы вуліцы.


IV

КАБ, ПАДНЯЎШЫСЯ НА ЎЗВЫШША, за якім пачынаўся Хвойнік, Стэпа азірнулася направа, у бок Сівулінскае дарогі, яна-б угледзела, як Рыгор мернаю ступою адмяраў мяжою роўныя крокі напрамкам да Лужкоў. Яму ў палетку сустракаліся рэдкія адзінкі сілцоўцаў, або аглядаўшых свае палоскі, падбіраючы каменьні, або сьпяшыўшых у пасяку… Над зялёнаю руньню насіліся вясёлыя жаўранкі, клубкамі падаючы зьверху ўніз. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Наперадзе тарчаў лысы курган, за якім пачынаўся папар. Там, дзесьці, насупраць вунь тае дзічкі-грушкі, павінна быць Зося.

Налева ад Рыгора цягнулася паласа Прыдатных. Густы адраны ячмень выдзяляў яе з памежных вузенькіх ніў, засееных сьвірэпістым аўсом. Гэтая-ж паласа прадаўжалася і ў папарным палетку, але наварочвала яшчэ болей улева.

Ужо ад кургана Рыгораў узрок дасягаў таго месца, дзе за сівым канём мігалася белая хусьцінка. На воддалёк, управа, бачыўся другі араты, але Зося была бліжэй.

Яна вярталася назад, ідучы на стрэчу Рыгору, калі гнедка натапырыў вушы і чмыхнуў, угледзеўшы з блізку сябе незнаёмага чалавека. Зося хвасянула каня бярозавым дубчыкам, не пацікавіўшыся з прычыны яго настарожлівасьці.

Але Рыгор не хацеў паказацца Зосі зьнянацку. Ён аддалёк кінуў у дрэўца каменем, ажно гулка зашапацелі спакойлівыя лісьця, адцягнуўшы на сябе ўвагу аратага.

Ад грушкі Зосіны вочы перанясьліся на Рыгора: зьнянацкасьць не абмінула яе, Зося ажно зьбянтэжылася, угледзіўшы яго перад сабою.

«Якім цудом і чаго ён?» — прамігнула вострая думка ў Зосінай галаве, але не было часу для роздуму: Рыгор махаў ёй шапкаю, аддаючы ветлае вітаньне.

— Адкуль ты ўзяўся?

Плуг выкаўзнуў з рук і пахіленым убок зрабіў доўгі агрэх. Гняды спыніўся.