Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гм, цудны які! Усё жыцьцё носім. А хто-ж мне прынясе. Вольны час — трэба выкарыстаць, а пачнуцца заработкі — шкада… Ты-ж мо’ яшчэ нашча зусім?

— А яшчэ такі і ня еў…

— Надзіва мне…

Стэпа, як стаяла так кінула ашматкі патрапанае аборкі і жкмах вышмуляных ануч з пляча і паняслася ў хату.

Сухія ломкія ламачыны паваленым плотам ляжалі на камяністым грудку каля парогу.

Рыгор памкнуўся даць ім лад, але пачуў з хаты:

— Не чапай, сынок, я сама ўладую. Ідзі пасілкуйся. Гэта не твая справа… Гуляй, бо зараз…

Яна не дасказала і, калі Рыгор ўвайшоў у хату, то ўгледзіў, што маці выцірала сьлёзы.

— Ты мо’ гаварыў з Сёмкам на конт падводы?

— Згаваруся яшчэ, маці… Ды што гаварыць загадзе — паедзе, вядома.

Стэпа злажыла на грудзях рукі і доўга стаяла на адным месцы, пільна гледзячы на сына.

— Падумаю, сынок, — паківала яна галавою: — здаецца, што-б то было, каб ды ты астаўся дома. Якое было-бы шчасьце мне… Але, ведаю, што гэтага нельга зрабіць. Суджана, каб мы дажывалі па адным…

— Нічога, маці сустрэнамся. Гара з гарою ня сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды.

Ён паглядзеў на гадзіньнік, які паказваў першую гадзіну пасьля палудня.

«Лужкі-ы? Так, болей двух вёрст».

Яго думкі вярцеліся каля Зосі. Сёньні найлепшы выпадак угледзецца з ёю на ад’езьдзі.

— Ты будзеш дома, Рыгор?

— Чаму?

— Я думаю яшчэ раз прайсьці за дрывамі.

— Кіньце, маці, што вы сабе ўзялі ўголаў.

— Няўжо-ж у хаце сядзець! Усе людзі працуюць, як мурашкі бегаюць, стараюцца, а мне сядзець — не, сынок, брыдка. Калі яшчэ магу сяк-так, то трэба цягнуць, а сьцісьне — тады… Ты пачытай, я доўга не забаўлюся…