Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаго ты сюды?

— Я праходжваўся яравым палеткам, пасьля…

— Ня хлусі, Рыгор, табе хтосьці сказаў, што я сёньні ў Лужкох.

Зося пытальна глядзела Рыгору ў вочы. Рыгор гатовіўся прызнацца.

— Іначай табе ня ўспала-б у думкі.

— Ты думаеш?

Ён узяў яе за поўную патрэсканую руку і пачуў, што ў ёй заложана сталёвая моц аратага.

— Чакай, Рыгор, я адвяду на паплавіну каня і прыпну яго на момант.

— Давай я правяду баразну.

Зося ўсьцешліва засьмяялася.

— Папрабуй!

Гняды павярнуў да іх настарожлівыя ўзрокі, паставіў вушы і ўгледзеў, як Зося падвяла Рыгора да плугу, прачытала кароценькую інструкцыю і гукнула:

— Нно-а, гняды.

Пруткія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён ня выпусьціў лямяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў побач суседняе баразны. Разьмягчаны суглей бярэстаю вывіваўся з-пад плугу, бліскаючы глянцам на адрэзаным месцы. З сьвежае разоры нясло тленам зямлі і пахла сокамі закалупленай цаліны.

Прайшоўшы з паўганоў, яны бачылі, як дападкія вароны старэнна рэвізавалі праложаную баразну.

— Утаміўся? — пагіранізавала Зося.

— Сумею прайсьці і назад.

Але з паваротам гнедага Рыгор ня ўправіўся, і Зося сама зрабіла гэту опэрацыю.

Рыгор цешыўся, гледзячы на спрыт і паваротлівасьць дзяўчыны, з якімі яна ўвіхалася на яго вачах. Плуг лёгка падаваўся Зосінаму кіраўніцтву, і на яе твару блыскала ўхмылка, пакуль Рыгор не пераняў плугу з яе рук.

— Тут цьвярдзей, — паскардзіўся ён.

— Ня ў гэтым справа.

Зося заўважыла, што Рыгор пачырванеў і яго белае, чыстае ад загару ліцо абвільжылася тонкім наслоем поту.

— А ты думаеш я ўтаміўся?

— Крыху падобна да гэтага.